Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АЛЯКСАНДРА ЧЫГІРА ПРЫ ЗАТРЫМАНЬНІ ЗЬБІВАЛІ


Валер Каліноўскі, Менск

У нядзелю пасьля першых паведамленьняў СМІ пра арышт сына Міхаіла Чыгіра Аляксандра ды ягоных калегаў — Васіля Быкава й Сяргея Каляды прыйшла зьвестка, што ў Маскоўскім РУУСе, дзе ішоў допыт затрыманых, пройдзе прэс-канфэрэнцыя міністра ўнутраных справаў Уладзімера Навумава з гэтай нагоды.

Мяркуючы па тым, што УУС ачапілі аховай, якая прыехала на двух аўтамабілях "Урал", ды паўсюль стаялі патрулі ДАІ, — прэс-канфэрэнцыя сапраўды плянавалася.

Тут жа быў прэсавы сакратар міністра Дзьмітры Партон, які не выключаў, што міністар сам выкажацца з нагоды гэтага арышту. Аднак пазьней Дзьмітры Партон прыехаў адзін, але з паведамленьнем прэсавага цэнтру МУС па гэтай справе.

(Партон:) "Камэнтароў даваць ня будзем, бо мы лічым, што тут ідзе нейкі ўплыў на сьледзтва, ціск. Вось тут усё сказана".

Паведамленьне прэс-цэнтру Міністэрства ўнутраных справаў казала, што грамадзяне Чыгір, 1976 году нараджэньня, Каляда, 1976 году нараджэньня, Быкаў, 1980 году нараджэньня, былі затрыманыя, як збывалі крадзеныя аўтазапчасткі ў гандлёвым доме "Кальцо".

Іх затрымалі па артыкуле 108, частка 1 пункт 3 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу. Падазраюць ва ўчыненьні злачынства, якое артыкул 205 частка 4 Крымінальнага кодэксу акрэсьлівае як асабліва буйны крадзёж маёмасьці. Пры іх знайшлі прадметы, якія пазналі пацярпелыя. Затрыманыя даюць паказаньні, якія пацьвярджаюць паходжаньне гэтых запчастак, — гаворыць паведамленьне прэсавага цэнтру МУС.

Разам з тым Міністэрства расцэньвае дзеяньні некаторых СМІ й асобных грамадзян як "ціск на сьледзтва".

Мне ўдалося спытацца ў Дзьмітрыя Партона: ці праўда, як заяўляе Міхаіл Чыгір, што ягонага сына ў міліцыі зьбівалі?

Дзьмітры Партон адказаў:

(Партон: ) "Не, гэткага не магло быць".

Побач стаяў Міхаіл Чыгір, які абурыўся словамі Партона.

(Чыгір: ) "Як сьмешна! Не магло быць! Як не магло быць! Што вы хлусіце, усё жыцьцё хлусіце!"

(Партон: ) "Прысутнічае адвакат — згодна з новым Крымінальным кодэксам. Да адваката й зьвяртайцеся".

(Чыгір: ) "Зрабілі заяву, што сына зьбілі. І адвакат пра гэта скажа! А вы робіце заяву, што яго ня зьбілі. Адкуль вам ведаць, што там было? Зьбіцьцё відавочнае".

Пасьля гэтай эмацыйнай спрэчкі прэсавы сакратар міністра ўнутраных справаў зьехаў. Па словах Міхаіла Чыгіра, факт зьбіцьця ягонага сына пры затрыманьні прызнаў сьледчы Георгі Красько, які вядзе справу, і што ён вырашыў накіраваць Аляксандра Чыгіра на мэдычнае абсьледаваньне.

Заўтра ўвечары сканчаецца тэрмін, да якога мусяць даць афіцыйнае абвінавачваньне Аляксандру Чыгіру ды ягоным калегам. Якое будзе абвінавачваньне — пакуль што невядома.

Старшыня беларускага Гэльсынскага камітэту Тацяна Процька лічыць, што затрыманьне сына Чыгіра мае палітычныя матывы і зьвязанае з прэзыдэнцкімі выбарамі.

(Процька: ) "У нас жа як у 1937 годзе — за палітычныя справы нікога не саджаюць, толькі за крымінальныя. Тое самае з Чыгіром. Узяў удзел тады ў падпольных выбарах на прэзыдэнта — навесілі яму крымінальную справу.

Зараз Чыгір адкрыта заявіў, што будзе балятавацца на прэзыдэнта, то й шукаюць на яго кампрамат. Выбарчая кампанія ў нас ідзе не праз асьвятленьне найлепшых бакоў кандыдатаў, а праз "чорны піар". Такі "чорны піар" будзе для кожнага".

Тацяна Процька мяркуе, што неўзабаве мы яшчэ шмат чаго даведаемся пра магчымых кандыдатаў на прэзыдэнта. Выбарчая кампанія пачалася — і ў найнепрывабнай форме.
XS
SM
MD
LG