Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

НА 28-ГА ЛЮТАГА ПРАДПРЫМАЛЬНІКІ БЕЛАРУСІ ПЛЯНУЮЦЬ СТРАЙК


Альгерд Невяроўскі, Менск

Сёньня Страйкавы камітэт прадпрымальнікаў распаўсюдзіў заяву, дзе тлумачацца прычыны, якія вымушаюць дробных бізнэсоўцаў праводзіць чарговую акцыю пратэсту.

Паводле праекту новага дэкрэту пад назваю "Аб адзіным падатку з індывідуальных прадпрымальнікаў" стаўка фіксаванага месячнага падатку можа вырасьці ў тры разы і скласьці 75 эўра з чалавека.

На думку сябраў Страйкаму, такое рэзкае падвышэньне падатку можа прывесьці да банкруцтва многіх прадпрымальнікаў. Гаворыць прэсавы сакратар Страйкаму прадпрымальнікаў Леанід Каліценя:

(Каліценя: ) "Нам не ўдалося паразумецца зь Дзяржаўным падатковым камітэтам у справе падвышэньня фіксаванай стаўкі падатку, якая падвышаецца ўтрая. Мы б пагадзіліся, каб падатак павялічылі хаця б у два разы. А ў тры — гэта ўжо занадта".

Таму сябры Страйкаму з розных рэгіёнаў Беларусі вырашылі правесьці 28 лютага аднадзённы папераджальны страйк. Асноўныя патрабаваньні прадпрымальнікаў: не падвышаць фіксаванай стаўкі падатку, адстаўка старшыні Дзяржаўнага падатковага камітэту Канстанціна Сумара.

Паводле словаў Леаніда Каліцені, менавіта з падачы прадстаўнікоў падатковага камітэту ў праекце дэкрэту зьявіўся пункт пра падвышэньне фіксаванай стаўкі. Некаторыя рэгіянальныя арганізацыі прафсаюзаў прадпрымальнікаў зьбіраюцца выставіць і іншыя патрабаваньні да мясцовых уладаў.

Сябры Страйкаму гавораць, што спыняць работу — не найлепшая форма барацьбы за свае правы, але іншага мэтаду паўплываць на ўлады яны цяпер ня бачаць. Тым больш, што агульнабеларускі страйк прадпрымальнікаў, які прайшоў на пачатку студзеня, быў даволі плённым.

Так, Леанід Каліценя лічыць, што менавіта дзякуючы грамадзкай актыўнасьці прадпрымальнікаў канчатковы варыянт праекту дэкрэту "Аб адзіным падатку" прыняў да ўвагі многія патрабаваньні прадпрымальнікаў — вырашылі праблему мытаў на тавары з трэціх краінаў, скасавалі сыстэму адрыўных талёнаў і гэтак далей.

Аднак падвышэньне фіксаванай стаўкі падатку, на думку прадпрымальнікаў, фактычна перакрэсьлівае ўсе гэтыя "прагрэсіўныя заваёвы".

Калі ўлады не прыслухаюцца да цяперашніх патрабаваньняў прадпрымальнікаў, дык сябры Страйкаму гатовыя заклікаць сваіх калегаў да больш працяглых акцыяў пратэсту.


XS
SM
MD
LG