Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЖОДЗІНА АДЗНАЧЫЛІ СЬВЯТОГА ВАЛЯНЦІНА


Алесь Мікалайчанка, Жодзіна

Акцыя мела пачацца ў аўтазаводзкім Палацы культуры як беларускамоўная дыскатэка роўна а 18-й гадзіне. Але дыджэі доўга не маглі падключыць мікрафоны да гукаўзмацняльнай апаратуры, пакуль ня высьветлілі, што тут нехта нядаўна нарабіў шкоды — выкруціў з узмацняльнікаў электразасьцерагальнікі. Хутка знайшлі патрэбныя дэталі, і ўрэшце пачаліся танцы.

Адна заля не ўмясьціла ўсіх жодзінскіх юнакоў і дзяўчат, якія жадалі павесяліцца пад сьпевы музыкаў з "NRM","Уліс", "Крамы" ды іншых нацыянальных рок-гуртоў. Давялося заняць яшчэ адно памяшканьне.

Дарэчы, мерапрыемства не было надта заарганізаванае — дыджэі толькі павіншавалі ўсіх прысутных з маючым адбыцца Днём любові ды зрабілі паводле жаданьня моладзі фотаздымак на памяць.

Неўзабаве да тых, хто танчыў, далучылася вялікая група хлопцаў з суседняга Барысава — зь ліку членаў нацыянальнага спортклюбу "Волат". Іх прыслаў кіраўнік клюбу Зьміцер Бародка, каб засьцерагчы сьвята ў Жодзіне ад магчымых правакацыяў з боку тутэйшых прыхільнікаў РНЕ.

Гаворыць адзін з арганізатараў імпрэзы, лідэр філіі ТБМ Аляксей Лапіцкі:

(Лапіцкі: ) "Напрыканцы раздавалі Дэклярацыю ААН аб правох чалавека — раздалі 60 асобнікаў. Таксама давалі літаратуру, прысьвечаную Дню любові: выпуск адмысловы маладафронтаўскі "Пераменаў!", бюлетэні мясцовыя "Наш шлях", "Мы ліцьвіны" і "Школьны весьнік". Было бачна, што моладзі вельмі спадабалася. Яны сказалі: файна, клясна, трэба рабіць гэткае часьцей".

Паводле інфармацыі Аляксея Лапіцкага , яшчэ адну такую дыскатэку ў іншым памяшканьні гораду жодзінская моладзь правядзе непасрэдна на Дзень Сьв. Валянціна, 14 лютага.

(Лапіцкі: ) "Калі не атрымаецца ў нас правесьці рэгіянальнае мерапрыемства, то людзі будуць арыентавацца на Менск, паедуць на галоўную акцыю", — зазначыў Аляксей Лапіцкі.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG