Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКАЕ ЗАМЕЖЖА. ДА ЮБІЛЕЮ ВАЛЯНЦІНЫ ПАШКЕВІЧ


Ганна Сурмач, Сяржук Сокалаў-Воюш

(Сокалаў-Воюш: ) “Іслынгтон – маленькі раён Таронта, дзе на вуліцы Birchcroft rd. Бёрчкрафт (што па-нашаму гучыць як Бярозавы хутар) стаіць невялікая, паводле канадыйскіх мерак, аднапавярховая хата з жылым, ці як тут кажуць “скончаным”, сутарэньнем, большую частку якога займаюць кнігі. Гаспадыня – высокая 85-гадовая жанчына з доўгай, закручанай вакол галавы ў выглядзе кароны, касой. Зрэшты… параўнаньне з каронай – ня надта ўдалае, бо жыцьцё ўганаравала Валянціну Пашкевіч значна вышэйшай годнасьцю, ніж каралеўская.

Энцыкляпэдычны даведнік “Беларуская мова” называе Валянціну Пашкевіч – пэдагогам і лексыкографам – двума словамі, якія толькі часткова і досыць суха пазначаюць гатунак дзейнасьці гэтага чалавека.

У гэтым месяцы Валянціне Пашкевіч спаўняецца 85 гадоў. Узрост і стан здароўя не дазволілі ёй узяць удзел у нашай перадачы. Таму пра жыцьцё і дзейнасьць юбіляркі сёньня будуць гаварыць ейныя блізкія, сябры і знаёмыя.

Валянціна Пашкевіч (з роду Жукоўскіх) нарадзілася 5 лютага 1916 году ў расейскім мястэчку Казельск, недалёка ад Калугі. Праз тры гады сям’я Міколы і Надзеі Жукоўскіх вярнулася на родную Пружаншчыну, дзе ў іх нарадзілася яшчэ шэсьць дзяцей. Сярод іх была і сястра Валянціны – Раіса, вядомая сёньня як Старшыня Каардынацыйнага Камітэту Беларусаў Канады, аўтарка грунтоўнай кнігі пра свайго мужа – чацьвертага прэзыдэнта БНР Вінцэнта Жук-Грышкевіча. Тады ж, напрыканцы 30-х, яна, як і старэйшая сястра, вучылася ў Вільні, але на праўніцкім факультэце.
Прыгадвае Раіса Жук-Грышкевіч:

(Жук-Грышкевіч: ) “У 1935 годзе пасьля заканчэньня гуманістычнага тыпу гімназіі імя Адама Міцкевіча ў Пружанах Валянціна Жукоўская, пасьля - Пашкевіч, паступіла на факультэт клясыкі – грэкі і лаціны, культуры і мовы старажытнах Грэцыі і Рыму, ва Ўнівэрсітэт імя Сцяпана Батуры ў Вільні.

Як сьведамая беларуска яшчэ з дому, ад бацькоў, яна адразу ўключылася ў буйнае на той час беларускае жыцьцё ў Вільні. Яна сталася сяброўкаю Беларускага студэнцкага саюзу, які быў сапраўднаю кузьняю беларушчыны. Ва ўправе гэтае арганізацыі поўніла функцыі скарбніка. Як частку сваіх унівэрсітэцкіх студыяў, наведвала лектарат беларусаведы доктара Янкі Станкевіча. У Беларускім музэі імя Івана Луцкевіча выконвала абавязкі правадніка.

Увосень 1939 г. Заходнюю Беларусь акупавалі бальшавікі, Сталін адрэзаў Вільню – сэрца Беларусі, ад беларускае нацыянальнае тэрыторыі і аддаў яе жмудзінам. Калі беларускім студэнтам пасьля летніх вакацыяў прыйшоў час вяртацца на заняткі ва ўнівэрсытэт, ехаць не было куды.

Кацярына Стаўбунік – ведамая беларуская дзеячка ў Пружанах, сабрала нас усіх беларускіх студэнтаў з Пружаншчыны і сказала: “Дзеці, цяпер ня час на навуку. Усім вам трэба йсьці ў школы выкладаць беларускую мову, інакш у школах Пружаншчыны беларускай мовы ня будзе”.

(Сокалаў-Воюш: ) “А неўзабаве на зьмену бальшавікам прыйшлі фашысты і сёстры-настаўніцы былі вывезеныя на працу ў Нямеччыну. Па заканчэньні вайны яны апынуліся ў брытанскай зоне, дзе і далучыліся да сваіх суайчыньнікаў… У лягеры для перамешчаных асобаў Ватэнштэт беларусы адчынілі гімназію імя Максіма Багдановіча. У ліку настаўнікаў была і Валянціна Пашкевіч.

Гэткую самую настаўніцкую працу вяла Валянціна Пашкевіч і ў Канадзе, дзе для дзяцей параўнаўча немалога беларускага зямляцтва ў Таронта, пры царкве сьв. Эўфрасіньні Полацкай была створаная нядзельная школка.

У 1968 годзе Валянціна Пашкевіч склала “Першую чытанку пасьля лемантара для беларускіх дапаўняльных школаў”. Але гэты падручнік ня мог задаволіць вучняў, для якіх першай мовай была не беларуская, а ангельская. Прыгадвае муж спадарыні Валянціны – Міхась Пашкевіч:

(Пашкевіч: ) “Тады ў яе думка склалася – зрабіць падручнік беларускае мовы. Мы маем бібліятэку, больш па-над 3 тыс. беларускіх кніжок, слоўнікаў спэцыяльных ёсьць у нас шмат, усім гэтым яна карысталася.
Як падручнік выйшаў з друку, прыходзілі заказы з унівэрсытэтаў – з Эўропы, са Злучаных Штатаў”.

(Сокалаў-Воюш: ) “У 1974 годзе з друку выйшаў першы том англамоўнага падручніка для вывучэньня Беларускай мовы ў замежжы, а праз 4 гады – другі”.

Беларускай школы ў Таронта на той час ужо не існавала. Якую ж практычную карысьць магло мець гэтае выданьне? Гаворыць дырэктар Беларускага інстытуту культуры й мастацтва ў Ню-Ёрку доктар Вітаўт Кіпель:

(Кіпель: ) “Гэты падручнік у Нью-Ёрку ўжываўся студэнтамі славістыкі на Калумбійскім унівэрсытэце. Там славістыку выкладалі сп.Антон Адамовіч і сп .Юры Шэрах, а таксама курс моваў нацыянальнасьцяў выкладаў нехта Бурбель, які працаваў на радыёстанцыі.
Падручнік вельмі шырока разышоўся індывідуальным асобам, якія жывуць далёка ад асяродкаў і карысталіся ім для вывучэньня
беларускай мовы. Прыкладам, я нядаўна паслаў два экзэмпляры ў Каларада, там аб’явіўся нехта з прозьвішчам Лявон Перац, ён вывучае беларускую мову.
Я ўважаю, што падручнік выканаў сваю ролю”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Зразумела, што нават самы лепшы падручнік такога кшталту нічога ня варты без адпаведнага слоўніка, а прыкладзены да двухтомніка “Беларуская мова” маленькі (на 9 тысячаў словаў) ангельска-беларускі і беларуска-ангельскі слоўнічак наўрадці мог цалкам задаволіць патрэбы вучняў. У выніку Валянціна Пашкевіч ўзялася за працу, якую мусілі б зрабіць адпаведныя Беларускія інстытуты ці Акадэмія. Яна пачала ствараць грунтоўны ангельска-беларускі слоўнік. Гады працы адбіліся на здароўі аўтаркі (з гэтай прычыны яна не змагла ўзяць удзелу і ў гэтай перадачы). Але яна была не адна. На дапамогу прыйшлі сябры-эмігранты і аднадумцы з Бацькаўшчыны. Вітаўт Кіпель працягвае:

(Кіпель: ) “Валянціна Пашкевіч улажыла слоўнік, а потым складзеную ёю картатэку перадала нам ў Беларускі Інстытут Навукі і Мастацтва ў Нью-Ёрку. У нас стварылася як бы слоўнікавая сэкцыя, у працы якой прымалі ўдзел Янка Запруднік, Антон Адамовіч, Міхась Бахар, Ала Орса-Рамана, Томас Бэрд, Джон Станлі, Васіль Русак, Сяргей Шупа, Зьміцер Саўка, Аляксандр Сільвановіч, Уладыка Аляксандр Салагуб, Антон Шукелайць, а таксама Зора і Вітаўт Кіпелі. Аб тым, на якім этапе зараз ідзе праца над слоўнікам, лепш скажа сп. Зора Кіпель, якая фактычна кіравала сэкцыяй”.

(Кіпель: ) “Над гэтым слоўнікам робіцца апошняя карэкта. Неабходна было дагледзець, каб усё было пасьлядоўна, бо працавалі над ім розны людзі, паасобку і могуць быць недакладнасьці.

Апошнюю рэдакцыю робіць сп. Сяргей Шупа ў Вільні, а мы сваю працу ўжо скончылі.

Увесь час людзі пытаюцца пра слоўнік, заказаў ужо ёсьць можа каля сотні. Мне здаецца, што попыт на яго будзе велізарны, як тут у Амэрыцы і іншых англамоўных краінах, гэтак, спадзяемся, і на Бацькаўшчыне”.

(Сокалаў-Воюш: ) Гаварыла Зора Кіпель. Гэткім чынам, праца над “Ангельска-беларускім слоўнікам” падыйшла да заканчэньня. Перад тым, як даць слова апошняму ўдзельніку нашай перадачы – і апошняму ж карэктару выданьня Сяргею Шупу, мушу зазначыць, што кампутарны набор слоўніка рабіўся+ ў Празе. Яго зрабіў Юрка Станкевіч. А цяпер гаворыць Сяргей Шупа:

(Шупа: ) “Усе дагэтулешнія слоўнікі, выдадзеныя як за мяжою, так і ў самой Беларусі, не перавышаюць 10 тыс. слоўных адзінак, іх можна прылічыць да малых слоўнікаў. Гэты слоўнік першы, які ўжо можна залічыць да катэгорыі сярэдніх, у ім будзе каля 60 тыс. словаў і словазлучэньняў. Менавіта, ў гэтым – яго адметнасьць і значнасьць. Слоўнік будзе першым, які ўжо будзе выходзіць за межы школьнага ўжытку.

Другая яго вельмі істотная адметнасьць палягае ў тым, што беларуская частка слоўніка падпарадкаваная правапісным нормам “тарашкевіцы” ў тым выглядзе, у якім гэтым правапісам карысталася эміграцыя. Гэта слоўнік эміграцыйны, плён паўстагодзьдзя працы нашай эміграцыі і канкрэтна сп. Пашкевіч, якая яшчэ ў сваім падручніку заклала гэтыя нормы.

Адрознасьць слоўніка яшчэ і ў тым, што ангельская ягоная частка арыентаваная на амэрыканскае словаўжываньне. Брытанскія варыянты падаюцца там з паметкаю, што гэта – “брытанізмы”.
Слоўнік у значнай ступені гатовы, засталося зрабіць канчатковую рэдакцыйна- выдавецкую вычытку, карэкту. Я спадзяюся, што яшчэ сёлета мы пабачым яго ўжо ў друкаванай форме”.
XS
SM
MD
LG