Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАВІНЫ КУЛЬТУРЫ


Юрась Барысевіч, Менск.

На Магілеўшчыне, у Глуску, закладзены парк камянёў, прысьвечаны зьмене тысячагодзьдзяў. На камянях, расстаўленых у гарадзкім парку, мяркуецца адлюстраваць буйнейшыя гістарычныя падзеі ад біблейскага стварэньня сьвету да абвешчаньня незалежнасьці Беларусі.

Рэжысэр Валеры Мазынскі, які ў нядаўняй сутычцы з хуліганамі атрымаў страсеньне мозгу і пералом рукі, ужо выйшаў зь лякарні, хоць яшчэ не адчувае сябе здаровым. Мазынскі ўцёк ад дактароў, каб хутчэй аднавіць рэпэтыцыі спэктаклю “Вечар”, прэм’ера якога мае адбыцца ў Купалаўскім тэатры 27 лютага. Прэм’ера адначасна станецца прэзэнтацыяй Тэатру-студыі “Вольная сцэна”, зарэгістраваць які Мазынскаму дапамог старшыня Саюзу тэатральных дзеячаў Аляксей Дудараў. У далейшых плянах “Вольнае сцэны” — гастролі па абласных тэатрах. Сталаю пляцоўкаю тэатру Мазынскага ў Менску станецца, верагодна, Дом вэтэранаў.

15 лютага споўніцца 12 гадоў, як Савецкі Саюз адклікаў акупацыйнае войска з Аўганістану. У гэты дзень у Рэчыцы мае адчыніцца помнік беларускім хлопцам, што загінулі на той вайне. Аўтар помніку, вядомы скульптар Уладзімер Слабодчыкаў, даў яму назву “Падбітыя буслы”. Беларускіх ахвяраў аўганскае вайны ўвасабляюць сем прабітых кулямі буслоў, якія падаюць з-пад аблокаў на зямлю. На гэты вобраз скульптара натхніў той факт, што менавіта праз Аўганістан беларускія буслы лятуць у вырай, і многія зь іх сапраўды гінуць па дарозе.

Кінастудыя “Беларусьфільм” мяркуе выпусьціць сёлета 12 дакумэнтальных стужак, 5 мультфільмаў і 4 мастацкія карціны — зь іх тры мэлядрамы й эксцэнтрычную камэдыю пра сьвяточны фэервэрк. Упершыню ўва ўсіх галоўных ролях сёлета здымаюцца толькі беларускія акторы. У мэлядраме пра сьляпую дзяўчыну “Павадыр” будуць гучаць вершы паэта-эмігранта Ўладзімера Някляева.

У нядзелю ў Беластоку пачнецца фэстываль беларускае песьні, у якім возьмуць удзел каля 500 выканаўцаў і гуртоў, пераважна з самой Беласточчыны. Адбор лепшых выканаўцаў доўжыўся цэлы год, а канчатковыя вынікі журы падсумуе на заключным канцэрце 17 лютага. У гала-канцэрце возьме ўдзел ансамбаль народнай музыкі зь Беларусі “Бяседа” пад кіраўніцтвам кампазытара Леаніда Захлеўнага.

Вядомы гарадзенскі мастак Уладзімер Качан атрымаў ад уладаў вобласьці замову напісаць партрэты ўсіх гарадзенскіх губэрнатараў, у тым ліку нябожчыка Аляксандра Дубко. У апошнія гады Качан ужо стварыў сэрыю партрэтаў славутых гарадзенцаў, а таксама партрэты 15 гарадзенскіх япіскапаў, якія мастак мяркуе падарыць управе Гарадзенскай эпархіі.

У галерэі Нацыянальнае бібліятэкі адчынілася выстава сямі мастакоў-графікаў зь Менску, Баранавічаў і Воршы пад назовам “Суд багоў”. Такі самы назоў мае кніга вершаў Анатоля Аўруціна, што прэзэнтавалася падчас вэрнісажу. Адзін з найбольш цікавых твораў на выставе — афорт Сяргея Балянка “Сарока — вораг партызанаў”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG