Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

МІЛОШАВІЧ НЕЎЗАБАВЕ МОЖА БЫЦЬ АРЫШТАВАНЫ


Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Гэтымі словамі сэрбскага міністра юстыцыі Владана Баціча пачынаецца артыкул “Сэрбы могуць арыштаваць Мілошавіча для суду на месцы” у сёньняшнім нумары газэты New York Times.

Магчымасьць арышту Мілошавіча, які знаходзіцца пад 24-гадзінным наглядам паліцыі, абмяркоўвалася два тыдні таму, калі Сэрбію наведала Карла дэль Понтэ – галоўны абвінаваўца гаагскага трыбуналу ААН супраць ваенных злачынстваў.

Арганізацыя Аб’еднаных Нацыяў і заходнія краіны, у тым ліку Злучаныя Штаты, патрабуюць каб Мілошавіч паўстаў перад судом у Гаазе, але больш верагодным выглядае на сёньня варыянт, што Мілошавіч – лідэр Сацыялістычнай партыі – найбольшай апазыцыйнай сілы ў сэрбскім парлямэнце, паўстане перад судом у Сэрбіі.

ЗША вызначылі скрайнюю дату арышту Мілошавіча – 31 сакавіка і ўзалежнілі ад гэтага эканамічную дапамогу сэрбскаму народу. Арышт разглядаецца як паказчык жаданьня Сэрбіі супрацоўнічаць зь міжнародным трыбуналам.

Пераймальнік пасады Мілошавіча Ваіслаў Каштуніца запярэчыў абвінавачаньням Карлы дэль Понтэ і міжнароднага трыбуналу, які яшчэ ў 99 годзе, у часе вайны НАТА супраць Югаславіі абвінаваціў Мілошавіча ў магчымых злачынствах сэрбскіх сілаў у Косаве, – піша New York Times.

Аднак, вышэйшыя афіцыйныя асобы Сэрбіі, а цяпер ужо і звычайныя сэрбы, усё больш чакаюць хаця б якога правасудзьдзя ў справе свайго былога прэзыдэнта.

Сэрбскі міністар юстыцыі Владан Баціч сказаў: “Я не хачу вызначаць тэрміну арышту Мілошавіча, але я чакаю, што гэта здарыцца неўзабаве”, бо сьледзтва ідзе і допыты былых блізкіх супрацоўнікаў экс-прэзыдэнта працягваюцца.

Адсюль вынікае, што Мілошавіча могуць судзіць не за ваенныя, але за эканамічныя і іншыя злачынствы ў Сэрбіі. Прынамсі, ваенная дзейнасьць Мілошавіча – ня ёсьць прыярытэтным накірункам сьледства – паведамляе New York Times.

У гэтым тыдні завяршаецца прызначэньне новых пракурораў, якіх у панядзелак будзе ўхваляць сэрбскі парлямэнт. “У ліку першых задачаў галоўнага абвінаваўцы, – сказаў Баціч, – будзе пачатак працэдураў супраць былых лідэраў краіны”.

Паводле Баціча, сэрбскіх грамадзянаў найбольш хвалююць дзьве рэчы: “Яны хочуць каб людзі, якія ў апошнія 10 гадоў руйнавалі іхныя жыцьці, былі ў турме, і яны хочуць падвышэньня свайго жыцьцёвага ўзроўню”.

Іншыя міністры сэрбскага кааліцыйнага ўраду, у які ўваходзяць 18 партыяў, зрабілі падобныя камэнтары.

У мінулым тыдні прэм’ер-міністар Сэрбіі Зоран Джындзіч выказаў меркаваньне, што абвінавачаньне супраць Мілошавіча будзе выстаўленае на працягу двух наступных тыдняў.

Пасьля сустрэчы зь Дзяржаўным Сакратаром Злучаных Штатаў Колінам Паўэлам у Вашынгтоне Зоран Джындзіч сказаў: “Мы хочам, каб усе замяшаныя ў злачынствах былі прыцягнутыя да адказнасьці, аднак мы хочам даць магчымасьць гэта зрабіць нашым судам, таму што яны таксама кампэтэнтныя,” – піша New York Times.
XS
SM
MD
LG