Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РАПТОЎНЫ АД’ЕЗД ЮГАСЛАЎСКАГА ПАСЛА


Уладзімер Глод, Менск

Міларад Радзевіч працаваў у Беларусі, як кажуць, усяго нічога. Амбасадар Саюзнай Рэспублікі Югаславіі ўручыў даверчыя граматы Аляксандру Лукашэнку летась 3 кастрычніка. Прычым, у адрозьненьне ад амэрыканскага амбасадара Майкла Козака, пасланцу Слабадана Мілошавіча ў Менску адразу далі зялёнае сьвятло і арганізавалі адпаведную цырымонію літаральна праз тыдзень пасьля прыезду ў Менск.

Такім чынам, на пасадзе кіраўніка югаслаўскай дыпляматычнай місіі ў Беларусі Міларад Радзевіч знаходзіцца ўсяго чатыры з паловай месяцы. Пры звычайных дыпляматычных стандартах, калі амбасадар працуе ў краіне, як правіла, тры гады, ад'езд праз такі кароткі тэрмін – справа незвычайная. Што ж вымушае сп. Радзевіча разьвітацца з Беларусью?

Зьвернем ўвагу на некаторыя даты. 24 верасьня ў Югаславіі адбыўся першы тур прэзыдэнцкіх выбараў. На 8 кастрычніка плянаваўся другі тур, паколькі першапачаткова Цэнтарвыбаркам паведаміў, што ні Мілошавіч, ні Каштуніца з першай спробы не набралі неабходнай для перамогі колькасьці галасоў. 3 кастрычніка Радзевіч ўручае Лукашэнку даверчыя граматы. А на наступны дзень новы амбасадар праводзіць у Менску сваю першую прэсавую канфэрэнцыю.

Мабыць, сп. Радзевіч у той час быў настолькі перакананы ў посьпеху Мілошавіча, што пачаў размову з прэсай з паведамленьня пра тое, што Слабадан Мілошавіч не наважаны прасіць палітычнага прытулку ў Беларусі, зрэшты, як і ў якой бы там ні было іншай краіне. Дыпламат назваў распаўсюджвальнікаў падобных зьвестак (а яны тады рэгулярна зьяўляліся ў расейскай і беларускай недзяржаўнай прэсе) "злоснымі людзьмі".

Ужо тады шмат хто зьвярнуў увагу на незвычайную для амбасадараў рыторыку Міларада Радзевіча. Звычайна дыпляматы — людзі вельмі асьцярожныя, якія адказна падбіраюць кожнае слова. А вось сп. Радзевіч, адкінуўшы гэтыя правілы, ганьбіў агрэсараў з НАТА, краіны-захопніцы, авантурыстаў з Вашынгтону і гэтак далей.
Магчыма, сказалася, што Міларад Радзевіч — непрафэсійны дыплямат. Ягоная кар'ера пачалася з прафсаюзаў, а перад самым прызначэньнем ён працаваў дырэктарам архіву. Спачатку быў камуністам, а з 1994 году – у Югаслаўскай левай партыі.

Радзевіч пасьпяшаўся роўна на адзін дзень, бо ўжо 5 кастрычніка Югаславія віншавала Ваіслава Каштуніцу.

Зразумела, што замена амбасадара ў Беларусі ёсьць пэўная рэакцыя на ягоныя паводзіны. Больш за тое, як паведаміў мне ў прыватнай размове адзін з югаслаўскіх дыпляматаў, ёсьць зьвесткі, што на працягу лютага Бялград адклікае з краінаў Усходняй Эўропы 7 альбо 8 амбасадараў. І першым у гэтым сьпісе значыцца Міларад Радзевіч.

А беларускую амбасаду ў Югаславіі як і раней ўзначальвае Валер Брылёў — зяць былога міністра замежных справаў Івана Антановіча. Падобна, што на ягоны лёс ад'езд Радзевіча не паўплывае.
XS
SM
MD
LG