Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЭЛЕГАЦЫЯ ЭЎРАЗЬВЯЗУ: ЗЬМЕНА АДНОСІНАЎ ДА БЕЛАРУСІ ЗАЛЕЖЫЦЬ АД ЯЕ САМОЙ


Уладзімер Глод, Менск

Сёньня Беларусь пакідаюць дзьве дэлегацыі — Эўразьвязу і Эўракамісіі. Першая прабыла тут два дні, другая чатыры.

Эўрапейскія чыноўнікі сустракаліся з прадстаўнікамі адміністрацыі Лукашэнкі, Міністэрства замежных справаў, Камітэту па пераадоленьні наступстваў Чарнобыльскай катастрофы, лідэрамі многіх палітычных партыяў і няўрадавых арганізацыяў.

Гасьцей найперш цікавіла, ці адбываюцца ў Беларусі зьмены, якія б сьведчылі, што краіна робіць пэўныя крокі па шляху дэмакратызацыі.

Афіцыйныя ўлады пераконвалі эўрапейцаў у гэтым. Згадалі й леташні так званы шырокі грамадзка-палітычны дыялёг, і карэкцыю той часткі Выбарчага кодэксу, што тычыцца парлямэнцкіх выбараў, і вызваленьне Ўладзімера Кудзінава, і абяцанкі правесьці прэзыдэнцкія выбары згодна з дэмакратычнымі ўзорамі.

Палітычная апазыцыя (а эўрапейцы сустракаліся, напрыклад, з Станіславам Шушкевічам, Сямёнам Домашам, Сяргеем Калякіным ды іншымі) зьвяртала ўвагу суразмоўцаў на тое, што сытуацыя ў Беларусі насамрэч ня толькі не паляпшаецца, а нават пагаршаецца.

Прыкладам, улады дагэтуль не ўзнавілі кансультацыяў з апазыцыяй адносна вядомых умоваў прызнаньня выбараў у Беларусі свабоднымі й дэмакратычнымі.

Чые аргумэнты для эўрапейцаў больш важкія? Анатоль Лябедзька, які таксама ўдзельнічаў у перамовах з дэлегацыяй Эўразьвязу, лічыць так:

(Лябедзька: ) "Яны разумеюць сытуацыю з усёй ейнай складанасьцю. Не вялікая вера ў тое, што Лукашэнка пойдзе на лібэралізацыю.

Мне падалося, што ёсьць гатовасьць выкарыстоўваць апошні шанец, каб ціснуць на беларускі рэжым. Эўрапейцы маюць пэўныя спадзяваньні тут на Расею".

Падчас размоваў як з афіцыйнымі асобамі, так і з апазыцыяй эўрапейцы далі зразумець — да правядзеньня ў Беларусі выбараў на прэзыдэнта ад Эўразьвязу нельга чакаць стратэгічных зьменаў адносна Беларусі.

Сталую цікавасьць Эўропы да падзеяў у Беларусі пацьвярджае і ўчорашняя прэсавая канфэрэнцыя ў Маскве дзейнага старшыні АБСЭ міністра замежных справаў Румыніі Мірчы Джэана.

Джэана падкрэсьліў, што АБСЭ вельмі зацікаўленая ў тым, каб выбары на прэзыдэнта ў Беларусі былі дэмакратычныя. У прыватнасьці, дзейны старшыня АБСЭ адзначыў: "Я не кажу, што я аптыміст. Я кажу, што мы працягваем ціск і сьцьвярджаем, што беларускі народ заслугоўвае большай дэмакратыі, а таксама свабодных і справядлівых выбараў".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG