Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СУД АПЫТАЎ СЬВЕДАК У СПРАВЕ СТАТКЕВІЧА І ШЧУКІНА


Любоў Лунёва, Менск

Гэта другі разгляд справы пасьля скасаваньня першага прысуду Вярхоўным судом.

Сёньня суд апытваў сьведак, якія ўдзельнічалі ў Маршы Свабоды і недазволеным шэсьці апазыцыі на Дзень Незалежнасьці 1999 году.

Валеры Шчукін лічыць, што гэты суд ад першага розьніць настрой пацярпелых.

(Шчукін: ) "Суд праходзіць інакш. Інакш сябе паводзяць і так званыя пацярпелыя. Яны гэтым разам ня ставяцца да нас гэтак варожа. Вось толькі Алейнік, якога тады зьбілі на вуліцы Першамайскай, падаў суму грошай у сваім пазове значна большую.

Калі я яму сказаў, што згодна заканадаўству дзяржава павінна выплаціць грашовую кампэнсацыю за атрыманыя траўмы, ён вельмі зьдзівіўся. Тады ж казалі, што ўсе пацярпелыя атрымалі грошы.

Толькі цяпер высьветлілася: грошы далі толькі двум міліцыянтам, а астатнім, менавіта салдатам — нічога. Улады сьцьвярджалі, што салдатаў не было, таму салдаты нічога й не атрымалі. Я лічу, што зь імі ўлады абышліся па-сьвінску"

Лідэр сацыял-дэмакратаў Мікола Статкевіч дадаў:

(Статкевіч: ) "Суд ідзе хутчэй. Мінулы суд цягнуўся два месяцы, спадзяюся, што гэты суд скончыцца за месяц. І тады было відаць, і цяпер, што судзіць няма за што. Ня ведаем пакуль што, якая ўстаноўка.

Тады судзьдзя быў нібыта прынцыповы, разьбіраўся ў справе. Відаць было, што салдаты, якія ў форме міліцыянтаў бралі ўдзел у тых падзеях, хлусяць. Але калі даюць пэўную ўстаноўку, судзьдзі няма куды дзецца. Тады ён проста бярэ сьведчаньні ілжывыя і на іх дае прысуд.

Хто раней хлусіў, ім сорамна — яны ці не прыяжджаюць, ці мяняюць сьведчаньні. Але заўсёды адзін-два знойдуцца. Ня ведаю, што судзьдзя вырашыць.

І яшчэ. Паўтараць ранейшы прысуд не выпадае. Вярхоўны суд гэта адкінуў. Трэба шукаць нечага новага. А што яны могуць знайсьці?" — паведаміў нашаму радыё Мікола Статкевіч у гарадзкім судзе Менску.

Суд будзе цягнуцца некалькі дзён. Адвакаты Статкевіча й Шчукіна Тацяна Вардомская і Тацяна Станкевіч мяркуюць, што прысуд будзе напрыканцы лютага.


XS
SM
MD
LG