Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ПРАФСАЮЗЫ ПРАВЯДУЦЬ АКЦЫЮ 14 ЛЮТАГА


Міхал Стэльмак, Менск

Нечарговы прэзыдыюм Фэдэрацыі склікалі сёньня ў сувязі з новымі абставінамі што да месца правядзеньня акцыі. 7 лютага Менгарвыканкам пастанавіў дазволіць прафсаюзную акцыю, але вызначыў ёй парк Дружбы народаў.

Гэтае рашэньне справакавала ўнутрыпрафсаюзную дыскусію пра мэтазгоднасьць мітынгу, бо акцыя ў такім аддаленым месцы, на думку многіх, ня мае сэнсу.

На сёньняшнім паседжаньні прэзыдыюму дыскусію завершылі. Гаворыць старшыня Фэдэрацыі Ўладзімер Ганчарык:

(Ганчарык: ) "14 лютага мітынг па назовам "Заробкі — на ўзровень цэн" пройдзе ў Менску, возьмуць удзел амаль усе прафсаюзы. Мы выпрацавалі патрабаваньні да ўлады, і захады ў тым выпадку, калі патрабаваньняў ня выканаюць".

(Карэспандэнт: ) "Што да месца правядзеньня мітынгу — сёньня вы сказалі на паседжаньні, што прафсаюзам даводзіцца выбіраць паміж дрэнным і яшчэ горшым".

(Ганчарык: ) "Сапраўды. Гэта кепскае месца, там транспартныя разьвязкі ды іншае. Але мы слухаемся закону, то правядзем мітынг на гэтам месцы".

(Карэспандэнт: ) "Як выглядае падрыхтоўка да мітынгу?"

(Ганчарык: ) "Як ніколі, ціснуць на прафкамы, на іхных старшыняў, на абкамы. Спрабуюць сутыкнуць розныя прафсаюзы. Але прэзыдыюм Саюзу фэдэрацыі прыняў заяву, дзе адмятае ўсе такія спробы і з боку дзяржавы, і з боку некаторых палітычных партыяў, грамадзкіх аб'яднаньняў, якія запалохваюць людзей, што нібыта будзе парушаны грамадзкі парадак".

Пра запалохваньні з боку ўладаў гаварыў на сёньняшнім паседжаньні прэзыдыюму Фэдэрацыі старшыня Менскага гарадзкога прафсаюзу адукацыі Анатоль Паўлаў. Аднак сталічныя настаўнікі, паводле ягоных словаў, у мітынгу возьмуць удзел:

(Паўлаў: ) "Ня буду называць ані школьных, ані дашкольных установаў, бо пасьля гэтага звычайна пачынаюць іх перасьледаваць. Зазначу толькі, што мы маем дастаткова калектываў, якія падрыхтаваныя да акцыяў пратэсту. Яны нават гатовыя страйкаваць.

Адукацыю давялі да бядотнага стану. Паводле Канстытуцыі, у нас 40-гадзінавы працоўны тыдзень. Але ўлады лічаць, што настаўнікі могуць працаваць і па 50, і па 60 гадзінаў. І гэта ўжо робіцца нормаю".

Нягледзячы на прынятае прэзыдыюмам Фэдэрацыі рашэньне праводзіць мітынг, частка сяброў прафсаюзаў усё ж вагаецца — ці правільнае такое рашэньне і ці варта яго падтрымліваць.

Вось меркаваньне лідэра Менскага абласнога прафсаюзу працаўнікоў хімічнай, нафтавай і горнай прамысловасьці Кузьмы Кашэўскага:

(Кашэўскі: ) "Не ісьці — значыць адмовіцца ад мэты ды зьнішчыць веру найактыўных нашых членаў. Сёньняшняя ўлада нічога не разумее ды ня хоча разумець. За стол перамоваў, круглы ці квадратны, зь ёю ня сесьці. Таму актыўны наш пратэст — адзіны сродак зьвярнуць іхную ўвагу на тое, што праблема ёсьць".
XS
SM
MD
LG