Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКАГА БІЗНЭСОЎЦА НА МЕСЯЦ ПАКІНУЛІ Ў ЭКСТРАДЫЦЫЙНАЙ ТУРМЕ


Альгерд Невяроўскі. Менск

30-гадовага беларускага бізнэсоўца і ўдзельніка многіх апазыцыйных акцыяў Андрэя Жукаўца ў сераду спыніў беластоцкі патруль дарожнай паліцыі для звычайнай праверкі дакумэнтаў.

Яго затрымалі, бо ягонае прозьвішча вось ужо два гады знаходзіцца ў сьпісе асобаў, якіх шукае Інтэрпол. Пракуратура Беларусі й сьледчы камітэт Міністэрства ўнутраных справаў падазраюць Андрэя Жукаўца, што ён не вярнуў вялікі крэдыт (звыш 700 тысячаў даляраў), які атрымаў ад Беларусбанку на арганізацыю сьветлавой рэклямы ў Менску ды іншых гарадах Беларусі.

Вось што паведаміў прэсавы сакратар Пракуратуры Беларусі Аляксей Таранаў:

(Таранаў: ) "Каля 800 тысячаў даляраў ён ня выплаціў. Сьледчы камітэт вядзе гэтую справу, а пракуратура зьдзяйсьняе нагляд. Мы пацьвярджаем, што справа Жукаўца вядзецца, яна не закрытая. Пра палітычны бок гэтай справы я нічога сказаць не магу, я ня бачу тут палітыкі".

А вось меркаваньне калегі спадараТаранава, прэсавага сакратара акруговай пракуратуры Беластоку Ежы Дунца:

(Дунец: ) "Мы аніякіх прэтэнзіяў да гэтага чалавека ня маем. Беларуская пракуратура прапануе яго выдаць, таму ён затрыманы. А што будзе далей — мне цяжка сказаць".

Затрыманы Андрэй Жукавец пераехаў у Польшчу ў 1999 годзе, ён амаль адразу ж папрасіў палітычнага прытулку. Але Міністэрства ўнутраных справаў і адміністрацыі Польшчы да гэтага часу не разгледзела ягоную просьбу.

Як і палітычны ўцякач зь Беларусі Ясь Абадоўскі, Андрэй Жукавец некалі актыўна займаўся апазыцыйнай дзейнасьцю (удзельнічаў у мітынгах і дэманстрацыях, фінансаваў шэраг грамадзкіх арганізацыяў і гэтак далей). Абадоўскі сьцьвярджае, што Андрэй Жукавец быў вымушаны ўцячы ў Польшчу, бо на радзіме яго павінны былі арыштаваць.

Ясь Абадоўскі таксама паведаміў, што спадар Жукавец атрымаў ад Беларусбанку вялікую суму грошай, але зь яго вымагалі хабар, які ён адмовіўся плаціць і паспрабаваў вярнуць грошы назад у банк. Аднак, плата нібыта не праходзіла, і грошы вярталіся ізноў на рахунак фірмы Жукаўца.

Спадар Абадоўскі паведаміў, што крымінальную справу на Андрэя Жукаўца ў Беларусі прыпынялі тройчы, бо не было доказаў ягонай віны. Абадоўскі называе гэтую справу палітычнай.

(Абадоўскі: ) "Я хачу сказаць, што гэтая справа — палітычная. Яна вельмі нагадвае справы Пупейкі, Чыгіра ды іншых людзей зь беларускай апазыцыі.

Беларускія ўлады перасьледуюць прадпрымальнікаў, што дапамагалі беларускай апазыцыі, яны хочуць іх папросту зьнішчыць".

Сёньня суд у Беластоку разглядаў справу Андрэя Жукаўца і пастанавіў пакінуць яго на месяц у экстрадыцыйнай турме. Трымаць яго там будуць, пакуль ня высьветляць усіх акалічнасьцяў гэтай справы і беларускія ўлады не прадаставяць пераканаўчых доказаў віны Жукаўца. (Гэта звычайная для польскага заканадаўства працэдура, калі вырашаецца пытаньне экстрадыцыі.)

Сёньня ж з адмысловай заявай да генэральнага пракурора Польшчы зьвярнуўся лідэр Маладога Фронту Павал Севярынец. Спадар Севярынец пацьвярджае, што перасьлед Андрэя Жукаўца беларускімі ўладамі мае палітычны характар. Лідэр Маладога Фронту спадзяецца, што праваахоўчыя органы Польшчы аб'ектыўна разгледзяць гэтую справу.

Адмысловы зварот да польскіх уладаў у абарону Андрэя Жукаўца сёньня зрабіў і Народны Рух Украіны.


XS
SM
MD
LG