Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗА СУСТРЭЧУ З ДОМАШАМ ЗВОЛЬНІЛІ ДЫРЭКТАРКУ КЛЮБУ


Алег Супрунюк, Берасьце

Надзвычай жорстка адрэагавала кiраўнiцтва берасьцейскай вэртыкалi на візыт у Берасьце Сямёна Домаша. У мiнулую суботу прайшла ягоная сустрэча з грамадзкасьцю гораду, якая вельмі зацiкавіла мясцовых жыхароў.

Актавая заля берасьцейскага клюбу, які належыць Беларускаму таварыству глухiх, не змагла прыняць усiх, хто жадаў наведаць сустрэчу з палiтыкам, якi ўжо абвесьцiў пра свой намер змагацца за прэзыдэнцкую пасаду.

Гэтым тыднем берасьцейскiя ўлады пачалi высьвятляць, як была арганiзаваная сустрэча з Домашам, хто даў дазвол на ейнае правядзеньне ў клюбе глухiх. Дырэктарку клюбу Леакадзiю Ўласюк выклiкалi ў гарвыканкам, дзе запатрабавалi тлумачэньняў.

Па зьвестках Радыё Свабода, размова была жорсткая: спадарыню Ўласюк абвінавацілі ў парушэньнi парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў, якi зацьвердзілі мясцовыя ўлады. Пасьля сустрэчы кiраўнiцтву Берасьцейскага прадпрыемства глухiх загадалі разгледзець пытаньне пра звальненьне дырэктаркі клюбу.

Калi гэтае пытаньне разглядала адмiнiстрацыя прадпрыемства, высьветлiлася, што сур'ёзных падставаў для звальненьня Леакадзii Ўласюк няма. Таму вырашылі яе звольнiць толькi з дырэктарскай пасады i прапаванаць iншую працу ў клюбе. Інакш чыноўнiкi гарвыканкаму пагражалі скасаваць iльготы па арэнднай плаце, што фактычна прывяло б да заняпаду ўсёй клюбнай дзейнасьцi.

Варта адзначыць, што мясцовая вэртыкаль пiльна сочыць за мерапрыемствамі і ў iншых берасьцейскiх уcтановах культуры. Улады патрабуюць узгадняць усе сустрэчы, што адбываюцца ў дзяржаўных ды ведамасных будынках. Асаблiва калi гэтыя сустрэчы маюць грамадзка-палiтычны характар.

Таму непрыхаваны цiск на дырэктарку аднаго зь берасьцейскiх клюбаў —своеасаблiвае папярэджаньне ўсiм кiраўнiкам установаў культуры напярэдаднi адказнай выбарчай кампанii.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG