Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КРДС ПАСТАНАВІЛА НАДАЛЕЙ КАНСУЛЬТАВАЦЦА З КАНДЫДАТАМІ НА ПРЭЗЫДЭНТА


Альгерд Невяроўскі, Менск

Пытаньня пра адзінага кандыдата на прэзыдэнта ад Каардынацыйнай рады наогул не было ў парадку дня сёньняшняга паседжаньня КРДС.

Удзельнікі абмяркоўвалі іншыя пытаньні, галоўным чынам — стратэгію й тактыку Каардынацыйнай рады ў пэрыяд прэзыдэнцкай кампаніі. Пра рашэньне КРДС гаворыць старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) "Неўзабаве кіраўнікі партыяў, якія прадстаўленыя ў КРДС, правядуць кансультацыі з патэнцыйнымі прэтэндэнтамі на пасаду адзінага кандыдата. Мы паспрабуем распрацаваць супольны сцэнар, у якім бы бралі ўдзел усе VIP-пэрсоны.

Наш тэзыс: адзін сцэнар, два палітычныя цэнтры і выхад на адзінага кандыдата. Глыбока перакананыя, што гэта найбліжэй да нашай рэальнасьці".

Паводле ягоных словаў, іншыя сябры Каардынацыйнай рады разумеюць нядаўняе рашэньне Палітычнай рады АГП падтрымаць кандыдатуру Сямёна Домаша.

Дарэчы, плянавалі, што на сёньняшняе паседжаньне дзеля кансультацыяў прыйдуць Міхаіл Чыгір і Ўладзімер Ганчарык, але абодва спаслаліся на занятасьць ды не прыйшлі. Аднак прадстаўнікі КРДС спадзяюцца, што кансультацыі паміж кандыдатамі пачнуцца ўжо заўтра, падчас круглага стала шырокіх апазыцыйных сілаў па праблеме выбараў.

Тым часам некаторыя сябры Рады ў кулюарах гаварылі, што вылучэньне адзінага кандыдата пакуль наогул немагчымае. Многія суб’екты Каардынацыйнай рады ўжо вызначыліся ў сваіх сымпатыях. (Большасьць падтрымлівае кандыдатуру Сямёна Домаша, менш — Уладзімера Ганчарыка.) І рашэньне падтрымаць таго ці іншага кандыдата пацягне раскол КРДС.

Каб не дапусьціць расколу Рады, сёньня не прымалі рашэньня пра дату й фармат Кангрэсу дэмакратычных сілаў. Разам з тым прадстаўнікі Каардынацыйнай рады падтрымалі прапанову Рады палітычных партыяў унесьці дэмакратычныя зьмены ў Выбарчы кодэкс. Сябры КРДС толькі адзначылі, што патрабаваць ад уладаў уключыць у склад выбарчых камісіяў прадстаўнікоў апазыцыі трэба больш рашуча.

Сябры Каардынацыйнай рады таксама стварылі адмысловую камісію, якая пачне перамовы з кіраўніцтвам сацыял-дэмакратычнай “Народнай Грамады” наконт вяртаньня гэтай партыі ў склад КРДС.

XS
SM
MD
LG