Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАМЁР МАСЕЙ СЯДНЁЎ


Валянціна Аксак, Менск

Слова на разьвітаньне гавораць дасьледніцы ягонага жыцьця й творчасьці літаратуразнаўцы Лідзія Савік і Галіна Тычка. Размаўляе Валянціна Аксак.

(Савік: ) "Вядома, страта Масея Сяднёва, паэта, празаіка, публіцыста — гэта вялікая страта ня толькі для беларускай літаратуры, але й для ўсёй нашай культуры, для ўсёй нашай бацькаўшчыны.

Мне пашчасьціла пабываць у Масея Сяднёва дома ў Глен-Коў, я там працавала ў архіве ды пазнаёмілася зь ім. Я даведалася ад яго самога пра падзеі ягонага жыцьця, пра тыя пакутніцкія гады, што ён перажыў на бацькаўшчыне.

Масей Сяднёў нарадзіўся ў 1913 годзе. Цяпер нашы даведнікі падаюць дату ягонага нараджэньня 1915 год (ён мне тлумачыў, як такая памылка выйшла), але нарадзіўся ён у 1913 годзе 1 верасьня ў вёсцы Мокрае Касьцюковіцкага раёну на Магілёўшчыне.

Гэта непадалёк ад мясьцінаў, дзе нарадзіўся Аркадзь Куляшоў, Іван Чыгрынаў, многія іншыя беларускія пісьменьнікі, зь якімі Сяднёў сустракаўся і разам вучыўся ў Пэдінстытуце ў Менску. Пэдінстытут ён не пасьпеў скончыць. Якраз на апошнім курсе ён разам з 13 найлепшымі студэнтамі, будучымі беларускімі паэтамі, быў рэпрэсаваны, бо пачаў пісаць вершы, якія ўжо друкаваліся ў рэспубліканскай пэрыёдыцы: у "ЛіМе", у "Полымі".

Трапіўшы пад гэтую жудасную рэпрэсіўную сталінскую машыну, тры гады правёў на Калыме. Так здарылася, што перад самай вайной яго прывезьлі ў Менск на перагляд справы. Ён зноў апынуўся ў сутарэньнях на Валадарскага. Перагляд справы Сяднёва прызначылі на 26 чэрвеня 1941 году. Звычайна гэткія перагляды сканчаліся расстрэламі.

Але менавіта 26 чэрвеня калёну зьняволеных з турмы на Валадарскага і калёны зьняволеных зь Беластоку, зь Вільні, Коўна пагналі па Магілёўскай шашы на Чэрвень. Людзей столькі было, што калёна расьцягнулася на некалькі кілямэтраў. А канваіры ня бралі з сабою дакумэнтаў ды асабістых справаў зьняволеных, то й ня ведалі, хто зь іх вораг народу, палітычны, хто крымінальнік.

Пачаліся бамбаваньні, і канваірам анічога не заставалася, як прывесьці іх у чэрвеньскую турму, пастроіць у двары ды сказаць: палітычныя — налева, крымінальнікі — направа. Масей Сяднёў, Клішэвіч і Тодар Лебяда здагадаліся стаць да крымінальнікаў.

Канваіры крымінальнікаў распусьцілі па дамах, а палітычных зьняволеных расстралялі ва ўрочышчы Цагельня каля Чэрвеня, там цяпер памятны крыж. Пра гэтыя падзеі ён напісаў у сваіх раманах "Раман Корзюк" і "Той дзень надышоў", якія немагчыма сёньня чытаць бязь сьлёз".

(Аксак: ) "Вы расказалі пра гэтыя жудасныя падзеі, якія на ўсё жыцьцё засталіся ў ягонай памяці і не давалі яму спакойна жыць нават у вольным сьвеце. У 1990 годзе Сяднёў прыехаў сюды, і была сустрэча ў Доме літаратара. Было тады ўражаньне, што ён не вызваліўся ад гэтага страху".

(Савік: ) "Сапраўды. Сяднёў упершыню прыехаў на Радзіму пасьля 50 гадоў эміграцыі, а ён жа ня быў рэабілітаваны афіцыйна. Ён мне прызнаваўся, што вельмі баяўся: во зараз адчыняцца дзьверы, і яго зноў арыштуць ды павядуць у сутарэньні турмы на Валадарскага".

(Аксак: ) "Здаецца, гэты страх ня быў беспадстаўны. Масей Сяднёў нібы прадчуваў, што празь некалькі гадоў пасьля ягонага прыезду ў Беларусь забаранілі ягоную творчасьць вывучаць у школе. Гэтак, як забаранілі творчасьць Натальлі Арсеньневай і Ларысы Геніюш.

Да нашай размовы далучыцца дасьледніца творчасьці Масея Сяднёва Галіна Тычка. Спадарыня Галіна, што гэткага страшнага для цяперашняй улады ў творчасьці Сяднёва?"

(Тычка: ) "Ведаеце, творчасьць Масея Сяднёва ды ўся эмігранцкая літаратура выключаныя ня толькі з школьных праграмаў, афіцыйна забаранілі гэта вывучаць і ў вышэйшых навучальных установах.

Гэты факт выяўляе сапраўдную палітычную сытуацыю сёньня ў Беларусі. Мудры чалавек, паэт Масей Сяднёў прадчуваў гэта, прыяжджаючы тады ў Беларусь.

Страшна, што яны разглядаюць эмігранцкую літаратуру беларускую як варожую. Гэта ад нежаданьня бачыць Беларусь вольнай. Для Масея Сяднёва і ў творчасьці, і ў грамадзкай дзейнасьці, і ў жыцьці найгалоўным было вызваленьне бацькаўшчыны. Ён жадаў бачыць бацькаўшчыну свабоднай і незалежнай.

Што да творчасьці Сяднёва, дык гэта паэт і празаік унікальны. На жаль, дагэтуль наша літаратуразнаўства не ацаніла яго належным чынам. Чаму так? Ягоныя творы ды імя доўгі час былі забароненыя — гэта так. Але рэч у тым яшчэ, што асэнсаваньне тых страшных падзеяў напярэдадні Другой сусьветнай вайны, якія Сяднёў адлюстраваў у раманах "І той дзень надышоў" і "Корзюк", пакуль яшчэ непрымальнае для нас. Мы яшчэ нядобра ведаем сваю ўласную гісторыю, асабліва блізкую гісторыю.

Паэзія Сяднёва ўнікальная і незвычайная ў кантэксьце нашай літаратуры. Яна і вельмі лірычная, камэрная, і прасякнутая высокімі гуманістычнымі пачуцьцямі. Ягоная высокая рэлігійнасьць, асаблівая духоўная напоўненасьць для нас, можа, таксама нязвыклыя, таму часам неадэкватна ўспрымаюцца. Ягоная паэзія нам нават нечым незразумелая.

Я вельмі спадзяюся, што сытуацыя зьменіцца, я проста веру.

Думаючы пра лёс Масея Сяднёва, я прыгадала вельмі шчымлівыя й прыгожыя радкі з раньніх вершаў:

Вось і ноч, як даўней, — нікога.
Толькі чую ўжо — край зямлі,
Каб ня бачыць шчасьця зямнога,
Адплылі назад караблі".

(Аксак: ) "Дзякую, спадарыня Галіна.

Спадарыня Лідзія, вы доўга ліставаліся з Масеем Сяднёвым. Перад нашай гутаркай вы прызналіся, што не пасьпелі адказаць на ягоны апошні ліст. Што вы думалі напісаць Масею Сяднёву ў апошнім лісьце?"

(Савік: ) "Калі б я адказвала на ягоны апошні ліст, дык пісала б яму жывому. Я заўжды пісала яму пра тое, што мы яго тут памятаем, што чытаем ягоныя творы.

Спадарыня Галіна Тычка сказала, што выкінулі яго з праграмаў школьных ды ўнівэрсытэцкіх. Я веру, што гэтую літаратуру выдадуць, будуць вучыць і ў школах, і ва ўнівэрсытэтах. Сяднёў чыста нацыянальны літаратар, надышоў час, каб яго ведалі. Мы мусім зьбіраць найлепшае па-за межамі бацькаўшчыны, каб вяртаць у нашу літаратуру, культуру й гісторыю.

Вельмі хачу прачытаць гэтыя радочкі Сяднёва:

Захоплены, я кожны дзень
Сябе радкамі выкладаю,
Хачу ўваскрасіць, што ў самаце
Мяне трывожыла гадамі.

Хвалююся, сумую і пішу,
Натхненьне пераводжу ў форму —
А мо калісь чыю душу кране
Мой верш нерукатворны".

(Аксак: ) "Дзякую, спадарыні. На гэтай ноце мы й завершым сваё разьвітаньне з выдатным паэтам, празаікам, чалавекам, грамадзянінам, беларусам Масеем Сяднёвым".

XS
SM
MD
LG