Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГРАМАДЗКІЯ АРГАНІЗАЦЫІ РЭЧЫЦЫ ПРАТЭСТУЮЦЬ СУПРАЦЬ ЗЬМЕНЫ ГІСТАРЫЧНАГА ГЕРБУ МЕСТА


Казімер Яноўскі, Рэчыца

Сучасны герб Рэчыцы — гэта выява вершніка з узьнятым мячом і шчытом з шасьціканцовым крыжам. Ён вельмі падобны да беларускай Пагоні. Гарадзкі герб ужо зьнік з адмысловай шыльды пры дарозе ў Рэчыцу, калі ехаць з поўдня, з боку Лоева.

Грамадзкія суполкі зьвязваюць гэта з захадамі гарадзкой камісіі па распрацоўцы гербавай сымболікі, дзе асабліва актыўныя мясцовыя архітэктары.

Сябра рады грамадзкага аб'яднаньня “Славуціч”, асьпірантка Інстытуту гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Натальля Брэль мяркуе, што няма падставаў мяняць цяперашні гістарычны герб на вершніка, падобнага да раньніх варыянтаў сымболікі Масквы. Апошні сымбаль выяўлены на пячатцы, якой замацоўвалі патэнт на дваранства напачатку ХІХ стагодзьдзя рэчычаніну Яну Дарашэвічу — але й гэта не падстава, каб адкідаць гістарычны герб.

Кніга беларускага геральдыста Цітова сьведчыць, што цяперашні герб Рэчыцы існаваў ужо ў 1653 годзе. Працягвае Наталля Брэль:

(Брэль: ) "Нас хочуць пазбавіць нашай спадчыны, адсячы наша пакаленьне ад тых продкаў, якія жылі тут, на гэтай зямлі тысячагодзьдзямі".

Старшыня гарсавету Мікалай Зайцаў мяркуе, што хвалявацца з прычыны замены гарадзкога сымбаля зарана, ды й наогул ня варта.

(Зайцаў: ) "Чаго яны хвалююцца? Каго гэта цікавіць? Гэта права савету — па Канстытуцыі. Ён вызначыць, які будзе герб — з канём ці без каня. Параіцца, дакумэнты паглядзіць, адкуль усё ідзе. Каму хочацца мяняць, а каму — не. Гэта права савету".

Паводле ягоных словаў, дакумэнты для прыняцьця рашэньня яшчэ не падрыхтаваныя. Што ж да зьнікненьня гербу на шыльдзе Рэчыцы, дык тое старшыню гарсавету не навіна. Ён сказаў, што зьнікненьне гербу — сапраўдная партызаншчына, і абяцаў вярнуць герб на ранейшае месца.


XS
SM
MD
LG