Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЛІЗКІЯ ДА МІЛОШАВІЧА КРЫМІНАЛЬНЫЯ ГРУПОЎКІ НЕ ЗДАЮЦЦА


Вольга Караткевіч, Прага

Сустрэча афіцыйнага Бялграду і прадстаўнікоў Эўразьвязу адбываецца ў кантэксьце сутычак на мяжы з Косава і частых гвалтоўных нападаў на палітычных дзеячаў Югаславіі.

Частыя выпадкі гвалту ў Сэрбіі сьведчыць пра супрацьстаяньне новай прадэмакратычнай улады ў Бялградзе і арганізаваных злачынных груповак – саюзьнікаў адхіленага ад ўлады рэжыму Слабадана Мілошэвіча.

Сэрбскі прэм’ер Зоран Джынджыч заявіў, што за апошнія дні ў Сэрбіі здарылася “некалькі наўпроставых і беспасярэдніх атак на дзяржаўных чыноўнікаў, якія змагаюцца з арганізаванай злачыннасьцю, расьледваюць мінулыя забойствы і фінансавыя апэрыцыі былога рэжыму:

(Джынджыч: ) “Я прыйшоў да высновы – гэтыя напады дэманструюць тое, што ўрад нарэшце пачаў працаваць. Відочна, што ёсьць зацікаўленыя групы, што адчуваюць уласную небясьпеку. Наша мэта – перашкодзіць ім так, каб больш у Сэрбіі не было зацікаўленых групаў. Спыніць іхную манаполію на фінансы, пагрозу бясьпецы краіны”.

На мінулым тыдні нападнік у масцы адчыніў дзьверы службовага аўтамабілю і стрэліў у кіроўцу сэрбзкага начальніка службы бясьпекі Горана Петравіча. Кіроўца быў паранены ў абедзьве рукі, у выніку чаго аўтамабіль спыніўся ня побач са штаб-кватэраю Дэмакратычнай партыі, дзе Петравіч сустракаўся з прэм’ерам Джынджычам.

Невядома, ці быў інцыдэнт зь кіроўцам папярэджаньням цяперашнім кіраўнікам дзяржавы – не рабіць захадаў супраць прадстаўнікоў былога рэжыму. Джынджыч заяўляе, што нападам крымінальныя групоўкі спрабуюць запалохаць новую ўладу.

У аўторак раніцай раптам быў ахоплены вагнём аўтамабіль лідэра парлямэнцкага альянсу 18-ці прадэмакратычных партыяў Чэдаміра Джаванавіча. Зоран Джынджыч на ўрадавай сэсіі заявіў, што пад аўтамабілем Джаванавіча была падкладзеная бомба”. Дэмакратычная партыя Джынджыча ацаніла тэракт, як ськіраваны супраць палітычных і эканамічных зьменаў у Сэрбіі, замоўлены прадстаўнікамі мінулага рэжыму, якія баяцца адказнасьці.

У аўторак увечары быў знойдзены мёртвым адзін з бліжэйшых паплечнікаў былога прэзыдэнта Югаславіі Слабадана Мілошавіча – былы міністар унутраных справаў Зоран Саколавіч. Паліцыя не выключае вэрсіі суіцыду, а прадстаўнікі мілошавічавай Сацыялістычнай партыі заяўляюць, што сьмерць справакаваная праціўнікамі былога рэжыму.

Труп Саколавіча знайшлі ў ягонай машыне Лада-Ніва, непадалёк дому, што прыкладна ў 200 кілямэтрах ад Бялграду. Рука Саколавіча сьціскала рэвальвэр, стрэл быў ськіраваны ў голаў. У інтэрвію Радыё Свабода цяперашні міністар унутраных справаў Югаславіі Зоран Жыўкавіч паведаміў, што першая экспэртыза не выключае, што Саколавіч скончыў жыцьцё самагубствам.

Генэральны сакратар Сацыялістычнай партыі Мілошавіча Зоран Анджэлькавіч сьцьвярджае, што, калі Саколавіч і скончыў жыцьцё самагубствам, дык таму, што быў справакаваны на гэты крок “паляваньнем на вядзьмарак”, налажданае супраць афіцыйных прадстаўнікоў былога рэжыму.

Нядаўна ў Югаславіі паказвалі фільм Мілуціна Петравіча “Зямля Праўды, Любові і Свабоды”. Ён распавядае пра апошнія месяцы кіраваньня Слабадана Мілошавіча. Фільм дэманструе, што палітычныя забойствы звычайна арганізаваныя так, што выглядаюць як самазабойствы.

(Жыўкавіч: ) “Я лічу, што з усімі асобамі, якія зьвязаныя з арганізаванай злачыннасьцю, і крыміналам увогуле, адназначна ня можа быць ніякага кампрамісу. Гэта наш наказ пасьля выбараў – разбурыць крымінальныя сувязі паміж вышэйшымі дзяржаўнымі чыноўнікамі і мафіяй, перакрыць шляхі распаўсюджваньня наркотыкаў і зброі, спыніць нелегальныя фінансавыя патокі”.

Як дадаў Жыўкавіч “яны ня могуць быць упэўненыя ў далейшым задавальненьні багацьцем, але могуць страціць яго. І рэакцыя на гэта вельмі нэрвовая”.

XS
SM
MD
LG