Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НОВЫ ЎКАЗ ЛУКАШЭНКІ


Ігар Карней, Менск

Указ зьявіўся ў час актыўных беларуска-расейскіх перамоваў пра ўніфікацыю мытнай прасторы.

Ананімны камэнтар да надрукаванага ў шэрагу дзяржаўных СМІ ўказу Лукашэнкі паведамляе, што мэта ўказу — удасканаленьне парадку перамяшчэньня пэўнай катэгорыі тавараў.

Але ўдасканаленьне гэтае своеасаблівае: пералік вырабаў, забароненых альбо тых, што маюць абмежаваньні на ўвоз і вываз, нашмат большы за тавары, вызваленыя ад мытных плацяжоў.

Некаторыя аналітыкі не разумеюць, чаму клясыфікацыя шэрагу тавараў зьявілася менавіта ў рэчышчы беларуска-расейскіх мытных пагадненьняў. Вось што кажа прэзыдэнт аналітычнага цэнтру “Стратэгія” Леанід Заіка.

(Заіка: ) "Я бачу, што рэальна пацярпець ад гэтай навіны могуць так званыя “чаўнакі”. Адразу была спроба ўвесьці мытны падатак на дадатковую вартасьць, а калі пачаліся хваляваньні (да таго ж наперадзе выбары на прэзыдэнта), зразумелі, што, мабыць, ня трэба так радыкальна.

Вырашылі проста ставіцца да іх як да фізычных асобаў: мяжу няхай пераходзяць, паказваюць тавар, дэкляруюць. Чаму гэтак зрабілі менавіта зараз — цяжка сказаць.

Калі баяцца за прадуктовы рынак — дык мы й так палову імпартуем з Расеі. А вось тармазнуць расейкіх гандляроў — справа іншая. Гэта адзіная тлумачэньне гэтага ходу".

На жаль, атрымаць камэнтар непасрэдна ў мытным камітэце аказалася немагчыма. Супрацоўнікі прэсавага цэнтру самі толькі сёньня даведаліся пра ўказ — з цэнтральных газэтаў. Да таго ж, нейкае своеасаблівае стаўленьне кіраўніцтва камітэту да Радыё Свабода не дазволіла прэсавай службе выказаць хоць нейкія меркаваньні. Адказам было вось што.

(Супрацоўніца прэсавай службы: ) "Радыё Свабода? Я ня ведаю, як у нас тут кіраўніцтва, неяк ня надта… Пакуль што мы гэтым не займаемся. Маем зусім іншыя задачы. Я сама толькі сёньня даведалася пра гэта", — сказалі мне ў прэсавай службе мытнага камітэту.

Сваё меркаваньне наконт неабходнасьці ўказу выказвае віцэ-прэзыдэнт Саюзу прадпрымальнікаў Міхаіл Шавельзон.

(Шавельзон: ) "Магчыма, гэта спроба ўрэгуляваць даўнія спрэчкі: многія вязуць быццам для сябе, а мытнікі лічаць, што пад гэтую марку працуюць прадпрымальнікі. У сытуацыі нявызначанасьці ёсьць вялізная прастора для карупцыі ў асяродку мытнікаў. Абарона ўласнай прасторы існуе ўсюды, і ў самой ідэі нічога страшнага няма".

(Карэспандэнт: ) "Як гэтае палажэньне можа адбіцца на беларуска-расейскіх дачыненьнях? Указ прадугледжвае даволі сур’ёзны кантроль. Цяпер адпаведнасьці ў заканадаўствах няма; г.зн., празрыстасьць прасторы будзе толькі адноснай?"

(Шавельзон: ) "Калі мы будуем адну дзяржаву — павінны быць агульныя законы. Калі нават саюз, але ў складзе розных краінаў, законы могуць быць розныя. Але тады неабходна ствараць мяжу. Пакуль што мы больш губляем, чым маем.

Яшчэ ніхто не падлічыў стратаў Беларусі ад бескантрольна завезенай з Расеі аўдыё- і відэатэхнікі. Многае афармляюць на мытні тут, а потым гэта ідзе ў Расею. Дарэчы, у Расеі штогод купляюць 4 мільёны тэлевізараў, а мытныя працэдуры праходзяць толькі 50 тысячаў. Дзе ўсё астатняе?"

Эканаміст Міхаіл Шавельзон таксама зазначыў, што чакаць чагосьці рэвалюцыйнага ад указу ня варта: практычна ніводзін закон у Беларусі рэальна не працуе.

XS
SM
MD
LG