Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

НА СКАРГІ НТВ У БЕЛАРУСІ РЭАКЦЫІ НЯМА


Валер Каліноўскі, Менск

Каб выкласьці сваю пазыцыю, у Менск прыехаў Сьвятаслаў Тапеха, кіраўнік расейскае кампаніі "Медиасервіс АРТ", якая займаецца рэклямай на канале НТВ. Ён так і ня здолеў сустрэцца з адказнымі беларускімі чыноўнікамі і дамагчыся кампрамісу.

Паводле словаў Сьвятаслава Тапехі, ініцыятыва перакрыць рэклямныя выпускі НТВ беларускімі належала намесьніку старшыні Белтэлерадыёкампаніі Ягору Рыбакову, які прапаноўваў НТВ сумеснае выкарыстаньне эфірнага часу.

Прапанова беларускага боку пра супрацоўніцтва гучала вельмі дзіўна. Сьвятаслаў Тапеха працытаваў афіцыйны зварот зь Беларускага тэлебачання:

"Гэтым лістом паведамляем вам, што ў мэтах выкананьня пляну мерапрыемстваў па выкананьні даручэньняў Аляксандра Лукашэнкі, зацьверджанага кіраўніком адміністрацыі М.Мясьніковічам 22 сьнежня 2000 году, БДТРК прыступіць да замяшчэньня рэклямных блёкаў на канале НТВ. У сувязі з гэтым прапануем вам урэгуляваць вашы дамоўныя дачыненьні з рэклямадаўцамі".

"Ці ж гэта запрашэньне да супрацоўніцтва?" — зьдзіўляецца Сьвятаслаў Тапеха.

НТВ, у адрозьненьне ад ОРТ і РТР, штогод плаціць 200 тысячаў даляраў Мінсувязі Беларусі за рэтрансьляцыю свайго сыгналу. НТВ прадае свой прадукт, аплочвае падаткі, і зусім не жадае дзяліцца прыбыткамі зь Беларускім тэлебачаньнем.

БТ ужо стала манапалістам на рынку разьмяшчэньня тэлерэклямы ў Беларусі, аднак ня можа зьбіраць рэкляму самастойна, таму й перадало правы на разьмяшчэньне рэклямы на каналах БТ, ОРТ, РТР прыватнаму прадпрыемству "ТВ-рэкляма". Летась, паводле інфармацыі Сьвятаслава Тапехі, фірма-манапаліст сабрала ў Беларусі паўтара мільёна даляраў за тэлерэкляму.

Урэшце кіраўніцтва БТ вырашыла забраць рэклямны час і канкурэнта — НТВ. Гэтым, як зазначаюць прадстаўнікі НТВ, Беларускае тэлебачаньне парушае 59 артыкул Грамадзянскага кодэксу Беларусі, міжнародныя канвэнцыі. Гаворыць Сьвятаслаў Тапеха:

(Тапеха: ) "Я згодны са спадаром Рыбаковым наконт таго, што канфлікт гэты фінансавы, гэта аніякая не палітыка. Гэта элемэнтарная канкурэнтная барацьба, якая вядзецца крыху амаральна й неправамерна".

Беларускае тэлебачаньне, на думку спадара Тапехі, выкарыстоўвае тое, што празь ягоную апаратную перадаецца сыгнал НТВ, і БТ гэтак карыстаеца "правам рубільніка".

Калі намесьнік гендырэктара НТВ Аляксандар Герасімаў заявіў кіраўнікам БТ, што НТВ можа адмовіцца вяшчаць на Беларусь, на гэта адказалі: калі ласка, а мы ў вас будзем браць сыгнал са спадарожніка.

Пакуль аніякай рэакцыі зь Менску на скаргі НТВ няма. Пэўны час НТВ будзе спрабаваць вырашыць канфлікт мірна. Калі гэтак ня выйдзе, дык на наступным тыдні НТВ вызначыцца з тэрмінамі падачы пазоваў у суды, маскоўскі й менскі.

Тым часам ад імя Расейскай асацыяцыі тэлевяшчальнікаў Эдуард Сагалаеў накіраваў ліст да Аляксандра Лукашэнкі, дзе просіць "зьвярнуць увагу і выступіць гарантам захаваньня на тэрыторыі краіны законаў аб ахове аўтарскіх правоў".
XS
SM
MD
LG