Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАЧАЎСЯ ВІЗЫТ У МЕНСК ДЭЛЕГАЦЫІ ЭЎРАЗЬВЯЗУ


Уладзімер Глод, Менск

У Менск прыляцелі шэсьць чалавек, якія прадстаўляюць міністэрствы замежных справаў гэтых трох краінаў на ўзроўні кіраўнікоў і намесьнікаў кіраўнікоў дэпартамэнтаў. Такія, на першы погляд, ня самыя высокія пасады не павінны зьдзіўляць.

АнатольЛябедзька, намесьнік старшыні Вярхоўнага Савету Беларусі 13 скліканьня, патлумачыў, што яшчэ на пачатку 1997 году Эўразьвяз прыняў адмысловую пастанову, згодна зь якой кантакты зь Беларусьсю не павінны весьціся на ўзроўні вышэйшым за кіраўніка дэпартамэнту МЗС краінаў, што ўваходзяць у Эўразьвяз. Гэтага правіла трымаюцца й цяпер.

Паколькі Швэцыя ня мае сваёй амбасады ў Беларусі, арганізаваць візыт дэлегацыі Эўразьвязу дапамагае амбасада Грэцыі. Там мне сёньня паведамілі, што дэлегацыя будзе ў Менску 8 і 9 лютага. Цягам гэтага часу яна правядзе шэраг сустрэчаў з прадстаўнікамі афіцыйных уладаў, палітычнай апазыцыі і няўрадавых арганізацыяў.

Дарэчы, 9 лютага завершыцца й візыт у Беларусь кіраўніка прадстаўніцтва Эўракамісіі ў Беларусі, Малдове і Ўкраіне Андрэ Ванавэрбэка.

На сустрэчы зь міністрам замежных справаў Беларусі Міхаілам Хвастовым сп. Ванавэрбэк сказаў, што "Працэс поўнамаштабнага ўзнаўленьня супрацоўніцтва паміж Рэспублікай Беларусью і Эўразьвязам будзе залежаць ад далейшага разьвіцьця палітычнай і эканамічнай сытуацыі ў Беларусі".

А ўчора Андрэ Ванавэрбэк падпісаў кантракт на пастаўку ў межах праграмы TACIS абсталяваньня для вытворчасьці ёдаванай солі прадпрыемству "Мазырсоль". Ён адзначыў, што гэта робіцца дзеля паляпшэньня здароўя людзей, якія перажылі чарнобыльскую катастрофу.


XS
SM
MD
LG