Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УДАВА ГОМЕЛЬСКАГА ЛЁТЧЫКА АДСУДЗІЛА КАМПЭНСАЦЫЮ


Казімер Яноўскі, Гомель

Дзяржаўнае прадпрыемства “Аэрапорт Гомельавія” выправіла экіпаж з чатырох пілётаў і самалёт Ан-24 у Шры-Ланку яшчэ ў 1998 годзе. Тады ж у верасьні гомельскі самалёт зьнік разам з экіпажам. Ёсьць меркаваньне, што самалёт зьбілі так званыя тамільскія “тыгры” — апанэнты тамтэйшай дзейнай улады.

Больш за год сем'і пілётаў ня мелі аніякіх зьвестак пра экіпаж. З-за гэтага сем'і не маглі атрымаць аніякіх страхавых выплатаў. Дый сама страхоўка была мізэрная — на ўвесь экіпаж 12 мільёнаў недэнамінаваных беларускіх рублёў.

Кампанія Шры-Ланкі, якая фрахтавала гомельскі самалёт, таксама маўчала, бо не было афіцыйнай высновы пра лёс самалёта.

Напачатку мінулага году суд прызнаў, што экіпаж загінуў. “Гомельавія”, разумеючы мізэрнасьць страхоўкі, выплочвала нейкі час сярэдні заробак сем'ям загінулых пілётаў. Аднак служба дзяржкантролю расцаніла гэта як фінансавае парушэньне. Выплаты спынілі.

Тады ўдава пілёта Анатоля Матошкі падала пазоў у суд, які ўрэшце абавязаў “Гомельавія” сплаціць сям'і 2 мільёны рублёў — гэта у шэсьць разоў меней за заяўленую першапачаткова суму. Аднак і гэтыя грошы сям'я пілёта атрымае немаведама калі, бо “Гомельавія” ня мае сродкаў.

Каб неяк жыць, прадпрыемства вымушанае праз пасярэднікаў з Расеі і Ўкраіны здаваць свае самалёты ў фрахт так званым краінам трэцяга сьвету. Нават зараз два гомельскія самалёты знаходзяцца ў Афрыцы — у Экватарыяльнай Гвінэі й Конга.

Дарэчы, сыну прэзыдэнта Экватарыяльнай Гвінэі гэтак спадабаўся гомельскі "Ту-134", што ён (без аплаты кантракту) два месяцы трымаў экіпаж у закладніках. Пілёты хварэлі нават малярыяй.

Што ж думаюць пра абароненасьць беларускіх лётчыкаў у Дзяржкамітэце па авіяцыі? Распавядае першы намесьнік старшыні Аляксандар Доста.

(Доста: ) "Мы, калі даем дазвол, то ўзгадняем пытаньне пра выкананьне работы, прынамсі, зь Міністэрствам замежных спраў. Яны валодаюць там палітычнай абстаноўкай і гэтак далей. А страхаваньне пілётаў — гэта справа саміх авіяпрадпрыемстваў", — сказаў Аляксандар Доста.

Рэгіянальныя ж авіятары, паводле слоў кіраўніка “Гомельавія” Валер'я Кулакоўскага, адчуваюць адсутнасьць дыпляматычных кантактаў Беларусі з многімі краінамі. Таму вымушаныя карыстацца й пры здачы самалётаў у фрахт, і пры абароне фінансавых інтарэсаў паслугамі трэціх асобаў. А гэта, як паказвае практыка, не заўсёды надзейна.


XS
SM
MD
LG