Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У ГОРАДНІ ПАХАВАЛІ АЛЯКСАНДРА ДУБКА


Сяргей Астраўцоў, Горадня

З 10 гадзінаў раніцы труна зь нябожчыкам была выстаўленая для разьвітаньня ў аблвыканкаме. Да гадзіны дня, пакуль не прыехаў Лукашэнка, прадстаўнікі прадпрыемстваў прыносілі кветкі і вянкі, якіх было каля 300. Лукашэнка прывез адметны чырвоны вянок і пастаяў каля труны ў ганаровай варце. Як адзначалася, вайсковы аркестар і ганаровая варта былі прысланыя са сталіцы. Паступіла мноства тэлеграмаў са спачуваньнямі, у прыватнасьці, з Масквы – асобна ад Зюганава, Селязьнёва і Строева, а таксама ад расейскага паўночнага флёту, ад падводнікаў. Абласное радыё праводзіла адкрыты эфір. Слухачы прапаноўвалі назваць імем Аляксандар Дубко вуліцу, школу, аграрны ўнівэрсытэт, калгас, параўноўвалі нябожчыка з Машэравым.

Са сталіцы прыбыло шмат начальства. З самай раніцы зьявіліся Віктар Шэйман – старшыня дзяржаўнай пахавальнай камісіі, і Міхаіл Мясьніковіч. На мітынгу прысутнічалі Лукашэнка і Ярмошын, але прамову меў толькі першы зь іх. Ён назваў Дубко знакавай фігурай, сказаў, што высока яго цаніў і прыслухоўваўся да парадаў і прапановаў. Лукашэнка сказаў, зьвяртаючыся да нябожчыка: “Ты спаліў сябе, аддаў цяпло людзям. Сыходзіш прыгожа, годна, па-мужчынску”.

Мітынг адбыўся каля статуі Леніна. Труна стаяла на гарматным ляфэце. Пасьля заканчэньня мітынгу яе правезьлі па пешаходнай вуліцы Савецкай, а потым з плошчы Савецкай даставілі на могілкі на праспэкце Касманаўтаў, дзе існуе алея для пахаваньня мясцовых кіраўнікоў. У царкве Дубко не адпявалі, паколькі ён быў ня хрышчаны, хаця ў яго былі блізкія адносіны з царкоўнымі кіраўнікамі. У вобласьці на тры дні абвяшчалася жалоба. Цырымонія пахаваньня адбывалася вельмі ўрачыста і зь вялікім размахам.

Выконваць абавязкі кіраўніка аблвыканкаму будзе намесьнік Дубка Ўладзімер Саўчанка. Ён жа ўзначальваў абласную камісію, створаную для пахаваньня Дубко. Па словах чыноўнікаў, той, хто арганізоўваў пахаваньне нябожчыка, потым займаў ягонае крэсла. Так што ня выключана, што Саўчанку будзе даверана кіраваць вобласьцю.

Дубко быў аграномам па адукацыі, ніколі не працаваў у партыйных ворганах, меў званьне Героя сацыялістычнай працы. У свой час ён удзельнічаў у якасьці кандыдата ад Аграрнай партыі ў першым туры прэзыдэнцкіх выбараў 1994 году. Вобласьцю кіраваў апошнія шэсьць гадоў.
XS
SM
MD
LG