Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСЬ ІДЗЕ НА ДНО, - ЛІЧЫЦЬ ГАЗЭТА DIE PRESS


Сяргей Шупа, Вільня

У канцы сёлетняга году канчаецца тэрмін цяперашняга беларускага прэзыдэнта-аўтакрата Аляксандра Лукашэнкі. Увосень маюць адбыцца новыя выбары. «Лука», як прэзыдэнта — апошнім часам усё больш насьмешліва — называюць у народзе, зьбіраецца выставіць сваю кандыдатуру на наступны пяцігадовы тэрмін.

Апазыцыя пакуль што не назвала свайго кандыдата. «Лукашэнка», - адказвае Р., журналіст незалежнага тыднёвіка, на пытаньне, як будзе звацца наступны прэзыдэнт. Чаму? «Ён мае грошы і выдатную прапагандысцкую машыну, апрача таго ў разе патрэбы ён заўсёды можа сфальшаваць вынікі». Пры справядлівых выбарах, якія цяпер немагчымыя, прэзыдэнт ня меў бы ніякіх шанцаў, дадае ён. Бо ўжо занадта кепска ьюдзям жывецца.

На сёньняшні дзень сярэдні месячны заробак беларуса складае 40 даляраў — пры жахліва высокіх цэнах. Эканамічнае разьвіцьцё ўжо некалькі гадоў зазнае спад, інфляцыя летась склала 180 працэнтаў. Паводле афіцыйнай статыстыкі, рост эканомікі склаў у 2000 годзе 5 працэнтаў, а прамысловай вытворчасьці — 8 працэнтаў. Юры Будзько, незалежны менскі выдавец, невясёла ўсьміхаецца, чуючы гэтыя лічбы: «Вядома ж, гэтыя лічбы фальшывыя». Беларусь — некалі важная апора савецкай прамысловасьці з вышэйшым за расейскі ўзроўнем жыцьця — мае мала сыравіны (амаль няма радовішчаў нафты), да таго ж пасьля распаду Савецкага Саюзу краіна страціла колішнія рынкі збыту. На свабодным сусьветным рынку са сваімі састарэлымі трактарамі, чорна-белымі тэлевізарамі, грузавікамі, якія пры неабходнасьці трэба заводзіць ручкай, Беларусь мае мала шанцаў. «Пры гэтым тэхнічныя здольнасьці інжынэраў надалей застаюцца на заходнім узроўні», - тлумачыць адзін нямецкі мэнэджэр-кадравік. Ягоная фірма прапануе працу спэцыялістам у галіне паўправаднікоў: «Яны бываюць нават лепшыя за нашых», - прызнае мэнэджэр.

Прыватнае прадпрымальніцтва ў Беларусі стрымваецца шматлікімі, асабліва падаткавымі перашкодамі і дзеля вялікай юрыдычнай няпэўнасьці ва ўсіх галінах уяўляе сабою справу вельмі рызыкоўную.

Выдавец пад пагрозай

У надзвычай складаным становішчы знаходзяцца прыватныя друкары і выдаўцы газэтаў. Юры Будзько — уладальнік адной з найбольшых друкарняў («Мэджык»), дзе друкуецца каля 20 выданьняў, у тым ліку англамоўная газэта «Belarus Today» і адна незалежная штодзённая газэта (з накладам 40 000 асобнікаў). «Пару тыдняў таму ўлады проста наклалі арышт на некалькі маіх друкарскіх машынаў», - скардзіцца Будзько. У любы момант ён мусіць быць гатовы да таго, што прыйдуць службоўцы, каб спагнаць падаткавыя запазыкі або выпісаць на нейкай падставе астранамічны штраф. «Яны заўсёды нешта знаходзяць».

Ад часу свайго выбраньня прэзыдэнтам у 1994 годзе Лукашэнка сыстэматычна зьнішчаў маладую беларускую дэмакратыю сумнеўнымі рэфэрэндумамі і парушэньнямі канстытуцыіо.

Сёньня парлямэнт і Канстытуцыйны Суд пазбаўленыя ўсялякай сілы, «Бацька» кіруе краінай праз дэкрэты. Але гады безгаспадарнасьці не прайшлі й для яго бясьсьледна: ягоны аўтарытэт моцна пахіснуўся. У Менску шмат хто на згадку пра Лукашэнку рэагуе кіслай мінай і апускае вялікі палец долу. «Лука добра ведае, што для яго восеньскія выбары азначаюць усё», - тлумачыць журналіст. - «Калі ён прайграе, ён сядзе ў турму». У паўтарэньне ў Беларусі сцэнарыю «Мілошавіч-Каштуніца» ён ня верыць: «Лукашэнка значна хітрэйшы за Мілошавіча, да таго ж лёс Мілошавіча быў яму папярэджаньнем».

«Для нас цяпер у любым выпадку сытуацыя цяжэйшая, чым калі-небудзь раней», - кажа Будзько. У Менску вялікі неспакой выклікаў праект Закону аб «інфармацыйнай бясьпецы»: ён пагражае поўнай ліквідацыяй вольнага друку і вяртаньнем дзяржаўнай цэнзуры. Апошнімі гадамі няраз здаралася так, што журналісты і дысыдэнты зьнікалі бясь сьледу. «Калі я надрукаваў артыкул пра Лукашэнкаў гандаль зброяй зь Інданэзіяй, сродкі ад якога маюць пайсьці на фінансаваньне выбарчай кампаніі, мяне пачалі тэрарызаваць пагрозьлівымі званкамі зь Міністэрства Абароны», - распавядае адзін сустрэты журналіст. Пад ціскам апынулася нават місія АБСЭ ў Менску. Лукашэнка закідае дыпляматам, што тыя «ўдзень сеюць, а ўначы дастаюць з-пад ложка ружжо». А вось заява ў сувязі з падзеньнем ягонага сябра Мілошавіча: «Што ж, мы будзем чакаць, пакуль яны пачнуць нас бамбаваць неўзбагачаным уранам?»

Усё гэта толькі «памылка»?

«Неспакой ужо зноў суняўся», - супакойвае кіраўнік місіі АБСЭ ў Менску Ганс-Георг Вік. - «Калі я пачаў разьбірацца, мне патлумачылі, што згаданая Лукашэнкава прамова датуецца пачаткам студзеня, і адпаведныя ўрыўкі зь яе былі памылкова паказаныя ў тэлевізіі». «Лука» мае ўсе падставы непакоіцца з прычыны прысутнасьці АБСЭ ў Менску. Байкатаваныя апазыцыяй і часткаю насельніцтва выбары ў парлямэнт, якія адбыліся летась увосень, былі на даручэньне АБСЭ дакладна задакумэнтаваныя шасьцю тысячамі спэцыяльна падрыхтаванымі мясцовымі назіральнікамі: у выніку было зафіксавана больш за 3000 парушэньняў закону. «Мы ня можам сілай усталяваць тут дэмакратыю», - тлумачыць Вік. Разьлік робіцца на тое, каб праз назіраньне і дакладную рэгістрацыю ўсіх парушэньняў паспрыяць павольнаму прызвычайваньню да дэмакратыі — і ў немалой ступені праз падрыхтоўку значнай колькасьці мясцовых назіральнікаў. Падчас прэзыдэнцкіх выбараў за кожным рухам Лукашэнкі будзе назіраць цэлае войска назіральнікаў з 14 тысячаў беларусаў. Пра якасьці апазыцыі дыплямат вырашыў не выказвацца.

«У якасьці магчымых кандыдатаў ад апазыцыі разглядаюцца былы прэм’ер-міністар Міхаіл Чыгір, прафсаюзны лідэр Уладзімер Ганчарык і мэр аднаго правінцыйнага гораду», - кажа незалежны журналіст. Усе тры кандыдаты — былыя паплечнікі Лукашэнкі, колішнія члены камуністычнай Партыі. Яны пасварыліся з прэзыдэнтам з прычыны ягонага самаўладзтва, аднак самі ня схільныя да пераменаў, лічыць экспэрт. Да таго ж, на ягоную думку, у якасьці магчымага незалежнага кандыдата мог бы выступіць шэф тутэйшага КГБ — з падтрымкай Уладзімера Пуціна. «Дачыненьні Пуціна з Лукой пагоршыліся, Масква хоча ў Беларусі стабільнасьці». Пуцін мае ў гэтай краіне большы аўтарытэт, чым яе прэзыдэнт. «Вядома, Лукашэнка можа заваліць патэнцыйнага кандыдата яшчэ ў працэсе рэгістрацыі», - зазначае Вік. Найбольшая перашкода можа быць такая: «За тры месяцы да выбараў адбываецца афіцыйнае іх абвяшчэньне. Гэта можа адбыцца ў чэрвені. Тады канкурэнтам будзе дадзена ўсяго 10 дзён на збор неабходных 100 тысячаў подпісаў у падтрымку кандыдатаў», - кажа Вік. Няма вялікай розьніцы, хто стане прэзыдэнтам: «Малаверагодна, каб гэта быў дэмакрат», - мяркуе Юры Будзько, - 6і наагул я хачу, каб найперш мне вярнулі мае друкарскія машыны».

Пэтэр Обэрдорфэр зь Беларусі
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG