Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

НЯГЛЕДЗЯЧЫ НА ПАПЯРЭДЖАНЬНІ, БДГ БУДЗЕ РАСПАВЯДАЦЬ ПРА ХАДУ СПРАВЫ ЗАВАДЗКАГА


Любоў Лунёва, Менск

Рэдактара “БДГ” Пятра Марцава выклікалі ўчора ўвечары ў генэральную пракуратуру і там зачыталі афіцыйнае папярэджаньне. Публікацыя артыкула “Кроў “Алмазу” у "БДГ" парушыла артыкул 5 частку 2 Закону аб друку (раскрыцьцё таямніцы сьледзтва).

Артыкул паведамляў пра расьсьледаваньне крымінальнальнай справы Валер'я Ігнатовіча і афіцэраў спэцпадразьдзяленьня “Алмаз”, якіх падазраюць у забойствах і ў выкраданьні апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага.

Журналісты выказалі думку, што гэтую групу крымінальнікаў, якія забівалі й рабавалі людзей, сьледзтва намагаецца штучна прыцягнуць да справы Зьмітра Завадзкага.

(Марцаў: ) "Мы не суб’екты сьледзтва — ні пацярпелыя, ні абвінавачаныя. Мы не зьяўляемся носьбітамі таямніцы сьледзтва, таму, натуральна, і раскрыць яе ня можам. Гэта можа зрабіць той, хто даваў падпіску.

Але пракуратура менавіта гэткае абвінавачаньне нам высоўвае. Яна, зразумела, намагаецца атрымаць ад нас крыніцы інфармацыі. Але пакуль што ёсьць артыкул у заканадаўстве, які нас бароніць ад гэтага, і мы не абавязаныя раскрываць крыніцы інфармацыі нават у судзе.

Пакуль у Закон аб друку не ўнясуць зьменаў, мы маем магчымасьць абараняцца. Я маю на ўвазе артыкул 34. Паводле гэтага артыкулу рэдакцыя можа раскрываць крыніцы інфармацыі на запыт суду, але гэта не азначае, што яна павінна гэта рабіць.

Калі ж зьменяць артыкул, тады журналісты будуць даваць толькі дазаваную інфармацыю, якая задаволіць праваахоўчыя органы", — паведаміў Пётар Марцаў.

“Белорусскай деловой газете” штогод давалі да сямі папярэджаньняў, але дагэтуль праз суд рэдакцыя дабівалася, каб іх прызналі беспадстаўнымі.

Тры афіцыйныя папярэджаньні даюць уладам магчымасьць закрыць газэту праз суд. Сёньняшняе папярэджаньне “БДГ” — другое.

Рэдактар Пётар Марцаў лічыць, што стан цяпер даволі небясьпечны.

(Марцаў: ) "Супрацоўнікі пракуратуры не хаваюць гэтага, нават кажуць адкрыта: "Будзеце лезьці ў гэтую справу, будзе вам кепска". Я падазраю, што ўсё гэта ініцыятыва генэральнага пракурора. Ён ня любіць сродкаў масавай інфармацыі, і гэтага ня ўтойвае як чалавек сумленны".

Тымчасам аддзел расьсьледаваньняў “БДГ” запэўніў чытачоў, што й надалей час ад часу будзе друкаваць вынікі расьсьледаваньня справы Зьмітра Завадзкага.

XS
SM
MD
LG