Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

БАЦЬКА НЕПАЎНАГАДОВЫХ БАРЫСАЎСКІХ АПАЗЫЦЫЯНЭРАЎ АШТРАФАВАНЫ


Алесь Мікалайчанка, Барысаў


16 студзеня яны ўдзельнічалі ў несанкцыянаваным пікеце сацыял-дэмакратаў, якія публічна патрабавалі псыхіятрычнага абсьледаваньня А.Лукашэнкі.

Сёньняшняе паседжаньне камісіі па справах непаўнагадовых адбывалася за зачыненымі дзьвярамі. Пра ягоныя вынікі мне распавёў 16-гадовы Зьміцер Кузьняцоў.

Штраф далі іхнаму бацьку Сяргею Кузьняцову — па адным мінімальным заробку за ўчынак кожнага сына. Акрамя таго, Зьмітру паведамілі, што інспэкцыя па справах непаўнагадовых Барысаўскага ГАУС паставіла яго на ўлік.

Разьбіральніцтва на камісіі, што ачаляла намесьніца старшыні гарвыканкаму спадарыня Шутко, суправаджалася ня толькі ўшчуваньнямі, але й пагрозамі на адрас вучняў.

Распавядае Зьміцер Кузьняцоў:

(Кузьняцоў: ) "Адзін з прадстаўнікоў камісіі сказаў: падумайце лепей пра сваю будучыню. Калі вы далей некуды пойдзеце, вам у характарыстыцы напішуць: быў пакараны за ўдзел у пікеце. Кажуць, што пасьля гэтых пікетаў я нават не змагу паступіць у вышэйшую навучальную ўстанову".

Лідэр філіі БСДП “Народная Грамада” Аляксандар Абрамовіч і прадстаўнік праваабарончага цэнтру “Вясна” Зьміцер Бародка мяркуюць, што ня варта спадзявацца на тое, што цяпер Зьмітра Кузьняцова не прыцягнуць да адказнасьці па крымінальнай справе, якую нядаўна распачалі супраць удзельнікаў пікету.

Фармальна пакараны ня Зьміцер Кузьняцоў, а ягоны бацька. Такім чынам, сытуацыі магчымага двайнога пакараньня хлопца, паводле адміністрацыйнага і крымінальнага кодэксаў, няма. Калі б такое насамрэч здарылася, адвакат Зьмітра Кузьняцова аспрэчыў бы знаходжаньне непаўнагадовага пад сьледзтвам, што вядзе зараз супрацоўнік гарпракуратуры Сяргей Пашкевіч.

Дарэчы, учора яшчэ адну падсьледную, Алесю Ясюк, да спадара Пашкевіча на допыт дастаўляў міліцэйскі нарад. Спадарыня Ясюк, якая зь сярэдзіны мінулага году лічыць сябе ўдзельніцай бестэрміновай акцыі грамадзянскага непадпарадкаваньня, адмовілася добраахвотна ехаць у пракуратуру.

У кабінэце ж Сяргея Пашкевіча яна й Аляксандар Абрамовіч дэманстратыўна парвалі свае позвы.

XS
SM
MD
LG