Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КНІГА ЧАРКАСАВА - НЯ ПЕРШЫ ВЫПАДАК ПАСКВІЛЮ


Сяргей Наваумчык, Прага

Выкарыстаньне ў літаратуры вобразаў рэальных асобаў – зьява распаўсюджаная. Бяспрэчная вяршыня – “Вайна і мір” Льва Талстога: акрамя прыдуманых вобразаў Наташы Растовай і Андрэя Балконскага – дзясяткі сапраўдных гістарычных пэрсанажаў.

Напрыклад, дзеяньне аднаго з апошніх раманаў Фрэдэрыка Фарсайту “Ікона” адбываецца ў Маскве, і некаторыя героі – фігуры пазнавальныя. Ствараючы палітычныя бэстсэлеры, Фарсайт ці іншыя іх аўтары не прэтэндуюць на месца Талстога, але і не імкнуцца абразіць рэальных асобаў. Зрэшты, у эўрапейскіх краінах ці ў ЗША такая спроба скончылася б судовым працэсам.

І Талстой, і Фарсайт – пры розных маштабах таленту – гэта творцы літаратуры. У адным выпадку – вялікай літаратуры, у другім – камэрцыйнай, але – літаратуры. А вось жанр пасквілю палягае ў нейкай іншай сфэры чалавечай дзейнасьці.

Найбольш знакаміты пасквіль у літаратуры народаў былога СССР – раман Усевалада Кочатава “Чего же ты хочеш?”, які выйшаў ў Маскве канцы 60-пачатку 70-х гадоў, і ў якім былі выведзеныя тыпажы тагачаснага палітычнага жыцьця. А палітычнае жыцьцё складалася тады з ажыцьцяўленьня вызначаных ЦК КПСС “гістарычных плянаў пабудовы камунізму”, якія рэалізоўваў блёк камуністаў і беспартыйных, і дысыдэнцкага руху, які пэрсаніфікаваўся ў Салжаніцыне, Сахараве, Алене Бонэр, Уладзімеры Букоўскім, некаторых літаратарах і мастаках ды яшчэ некалькіх сотняў асобаў.

Дысыдэнты, выведзеныя ў рамане, былі спрэс алкаголікамі ды нявернымі жонкамі. Пра прастытутак ці наркаманаў у той час яшчэ не пісалі – лічылася, што ў савецкім грамадзстве іх быць ня можа.

Сёньня імя Кочатава невядомае нават маладым філёлягам. Імёны дысыдэнтаў, якія здабылі сваёй краіне свабоду, памятае ўвесь цывілізаваны сьвет.

Наўрад ці сёньня шматі каму скажа нешта і імя Ільлі Гурскага, які ў 1969 годзе ў часопісе “Полымя” зьмясьціў пасквіль на Натальлю Арсеньеву, аўтарку нясьмяротнага гімну “Магутны Божа”.

Магчыма, гэта ўласьцівасьць жанру – імёны пасквілянтаў канаюць у нябыт, а калі ўжо і прыгадваюцца, дык у аздабленьні таго самага бруду, які яны спрабавалі выліць на іншых.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG