Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СКАРГА ЛЕКАРА НА НЕКАНСТЫТУЦЫЙНАСЬЦЬ АДЛІЧЭНЬНЯ ПРАФСАЮЗНЫХ УНЁСКАЎ З ЗАРОБКУ


Юры Сьвірко, Менск

Спадар Васілевіч лічыць таксама, што А.Лукашэнка, займаючы пасаду прэзыдэнта НАК, не парушае Канстытуцыі.

На сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі Рыгор Васілевіч распавядаў пра леташнюю дзейнасьць Канстытуцыйнага суду, які ён узначальвае, але бальшыню журналістаў цікавіла гэтак званая “прафсаюзная справа”.

Адзін зь менскіх лекараў зьвярнуўся ў гэты суд са скаргай на неканстытуцыйнасьць аўтаматычнага адлічэньня прафсаюзных унёскаў з заробку. Той лекар дагэтуль захоўвае інкогніта. Я папрасіў спадара Васілевіча ўдакладніць, хто ж падаў гэтую скаргу.

(Васілевіч: ) "Хто зьвярнуўся? З 10-е клінікі лекар. Але ў нас не прынята агучваць, хто канкрэтна. Калі дойдзе да разгляду справы, бакі могуць азнаёміцца з дакумэнтамі па справе і з тым, хто падпісаў такую заяву. Я не хацеў бы зараз называць прозьвішча. Ідзе праца, пабачым, што будзе", — гаварыў Рыгор Васілевіч, старшыня Канстытуцыйнага суду.

Паводле некаторых зьвестак, скаргу ў суд даслаў ня просты доктар, а загадчык аддзяленьнем 10-е менскае клінікі, што ў Чыжоўцы. Аднак сваё зьдзіўленьне з нагоды гэткае рэакцыі на скаргу выказаў былы намесьнік старшыні Канстытуцыйнага суду Валеры Фадзееў:

(Фадзееў: ) "Згодна Канстытуцыі, ёсьць шэсьць суб'ектаў, якія маюць права зьвяртацца ў Канстытуцыйны суд. І грамадзяне права такога звароту не атрымалі. Канстытуцыйны суд зыходзіць зь нейкіх іншых нормаў.

Канстытуцыя даволі імпэратыўна вызначыла кола суб'ектаў, што маюць права зьвяртацца ў суд. Таму думаю, што зь іхнага боку тут нацяжка нейкая".

Акрамя прафсаюзных унёскаў, яшчэ адной справаю для Канстытуцыйнага суду можа стаць выкананьне 86-га артыкулу Канстытуцыі ўзору 1996 году, які пачынаецца гэтак: “Прэзыдэнт ня можа займаць іншых пасадаў…” Аднак Аляксандар Лукашэнка займае цяпер пасаду прэзыдэнта Нацыянальнага алімпійскага камітэту.

Вось што кажа з гэтай нагоды Рыгор Васілевіч:

(Васілевіч: ) "Тут, безумоўна, мусіць дзейнічаць Канстытуцыя. Мне здаецца, што парушэньняў з боку прэзыдэнта ў гэтай частцы няма. Пасаду прэзыдэнта Нацыянальнага алімпійскага камітэту ён займае на грамадзкіх пачатках".

Са спадаром Васілевічам ня згодны ягоны калега зь першага складу Канстытуцыйнага суду Валеры Фадзееў:

(Фадзееў: ) "Яны лічаць, што калі ён не атрымлівае за гэта заробку, нейкага ўзнагароджаньня, дык гэта нібыта не супярэчыць Канстытуцыі. Але я думаю, што гэта спрэчна, і можна хутчэй камэнтаваць гэтак: Канстытуцыя забараняе займаць любыя пасады, нават і неаплочваныя", — заявіў спадар Фадзееў.

Але Рыгор Васілевіч кажа:

(Васілевіч: ) "Але гэта толькі гаворыць, што наш прэзыдэнт любіць спорт, а ня тое, што вы разумееце. Гэта ж цудоўна!"

Прамаўляючы гэта, старшыня Канстытуцыйнага суду паказваў рукою журналістам нешта накшталт чаркі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG