Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВЯШЧАНЬНЕ НТВ У БЕЛАРУСІ МОЖА БЫЦЬ СПЫНЕНАЕ


Валер Каліноўскі, Менск

На афіцыйным інтэрнэтаўскім сайце НТВ (ntv.ru) сёньня зьявілася паведамленьне, што кіраўніцтва кампаніі “разглядае магчымасьць спыніць вяшчаньне на тэрыторыю Беларусі”.

Антон Маціевіч, менскі прадстаўнік маскоўскай фірмы “Медиа сервис АРТ”, якая займаецца рэклямай НТВ, пацьвердзіў, што такая пэрспэктыва сапраўды магчымая.

(Маціевіч: ) "Гэта цалкам магчыма".

(Карэспандэнт: ) "А якія прычыны?"

(Маціевіч: ) "Пірацкае ўварваньне тэлеканалу БТ у эфір вяшчаньня, рэклямныя блёкі БТ перакрылі рэкляму тэлеканалу НТВ".

Калі можа спыніцца вяшчаньне НТВ, Антон Маціевіч ня ведае, бо гэта вельмі сур’ёзнае рашэньне і яго будзе прымаць кіраўніцтва тэлеканалу.

Намесьнік генэральнага дырэктара НТВ Аляксандар Герасімаў таксама сьцьвярджае, што вяшчаньне НТВ на Беларусь можа быць спыненае, хоць ён і ня быў такі катэгарычны:

(Герасімаў: ) "НТВ не выключае магчымасьці спыненьня вяшчаньня на тэрыторыі Беларусі ў выпадку невырашэньня канфлікту".

Аляксандар Герасімаў паведаміў, што аніякай рэакцыі на заявы НТВ з боку кіраўніцтва Белтэлерадыёкампаніі ды Міністэрства сувязі Беларусі няма:

(Герасімаў: ) "Беларусь маўчыць, як быццам нічога не адбываецца".

Аляксандар Герасімаў ведае, што ў Беларусі сёлета адбудуцца прэзыдэнцкія выбары, і лічыць, што спыненьне вяшчаньня НТВ можа толькі пашкодзіць А.Лукашэнку.

(Герасімаў: ) "Насамрэч Аляксандар Лукашэнка, як гэта ні парадаксальна гучыць, вельмі добра, цёпла ставіцца да НТВ. Я ня думаю, што тыя, хто прыдумаў усю гэтую гісторыю, хацелі такога сумнага заканчэньня.

На мой погляд, спыненьне вяшчаньня НТВ у Беларусі, калі гэта адбудзецца, — вялікі мінус Лукашэнку. Пад час майго прыезду я пра гэта казаў кіраўніку Белтэлерадыёкампаніі В.Чыкіну, што яны падстаўляюць гэтак Лукашэнку, у якога сёлета выбары, і што вас жа й пакладуць за гэта на рэйкі.Чыкін і ягоны намесьнік разумелі гэта, але казалі, што яны толькі выканаўцы".

Як зазначаў у інтэрвію "Інтэрфаксу" намесьнік старшыні БТ Ягор Рыбакоў, рашэньне пра перакрыцьцё рэклямных блёкаў НТВ Беларусі прыняў асабіста Аляксандар Лукашэнка.

На думку Рыбакова, тут няма ніякай палітыкі, а выключна пытаньне грошай. Беларускі бок настойвае на сумесным камэрцыйным выкарыстаньні рэклямнага часу НТВ.

Кампанія НТВ цяпер вядзе падлік стратаў ад умяшаньня БТ. Паводле словаў Аляксандра Герасімава, гэта сотні тысячаў даляраў штомесяц. Да таго ж, беларускі рэтрансьляцыйна-перадавальны цэнтар падпадае пад штрафныя санцкцыі — каля 720 тысячаў даляраў за месяц. Маскоўскі арбітражны суд, на думку спадара Герасімава, прыме рашэньне на карысьць НТВ.

Аднак НТВ не адкідае й магчымасьці дамовіцца.

8 студзеня ў Менск прыедзе дырэктар маскоўскай кампаніі “Медиа сервис АРТ” Сьвятаслаў Тапеха, у якога заплянаваныя сустрэчы ў Міністэрстве сувязі.

XS
SM
MD
LG