Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КРЫМІНАЛЬНАЯ СПРАВА ПАСЬЛЯ ЗЬБІЦЬЦЯ МАЗЫНСКАГА НЕ ЗАВЕДЗЕНАЯ


Алег Грузьдзіловіч, Менск


Мінула 10 дзён, як Валера Мазынскага невядомы зьбіў ля пад’езду ўласнага дому, але крымінальнай справы дагэтуль не распачалі.

(Супрацоўнік РАУСу: ) "Разьбіраемся. Перш чым распачынаць справу, трэба зь ім паразмаўляць, а ён жа да нас не прыходзіць", — патлумачылі Радыё Свабода ў Цэнтральным райаддзеле міліцыі Менску, на тэрыторыі якога было ўчыненае злачынства.

У Цэтральны РАУС некалькі дзён таму зьвярнулася з заявай жонка пацярпелага Людміла Мазынская. Ёй паведамілі, што разьбіральніцтвам займаецца сьледчы Аляксандар Стрэльнік, але сустрэцца зь ім жонцы Мазынскага не ўдалося. Сьледчы займаўся нейкай іншай справай.

Сёньня пагутарыць са сьледчым не давялося й мне. У РАУСе паведамілі, што ў спадара Стрэльніка сёньня выходны, і заўтра ён таксама будзе адпачываць. Ці распачнуць крымінальную справу — невядома. "Гэта не ад мяне залежыць", — заявіў калега сьледчага.

Жонка Валера Мазынскага Людміла не бярэцца сьцьвярджаць, што міліцыя зусім не займаецца гэтай справай, але заўважае, што падзеі разгортваюцца неяк вельмі марудна. Міліцыянты быццам чакаюць, што іх нехта падштурхне да працы альбо зробіць неабходныя крокі за іх.

(Мазынская: ) "Мне пазваніў участковы і папрасіў, каб я прынесла заяву ад пацярпелага, бо ён сам ня можа прыйсьці. Да заявы патрэбная выпіска з гісторыі хваробы, бо трэба пабоі зафіксаваць. А як тыя пабоі зьняць? Трэба, каб хто прыйшоў ці сам муж пайшоў, а ён ляжыць яшчэ. І тады толькі яны могуць распачынаць крымінальную справу".

(Карэспандэнт: ) "Вас абурае такі парадак?"

(Мазынская: ) "Вядома! У мяне чалавек ляжыць, а я яшчэ мушу яму ўсе паперы несьці. Больш за тое, участковы кажа, каб я перадала сьведкам: хай прыйдуць ці патэлефануюць яму. Што, я буду шукаць сьведак? Гэта ж іхная праца, ім за гэта плоцяць грошы. Калі я сьледчая, дык я сама буду распачынаць справу. Я, канечне, такога стаўленьня не разумею".

Гэта была Людміла Мазынская, жонка зьбітага ў пазамінулую суботу рэжысэра тэатру “Вольная сцэна” Валера Мазынскага. Яна кажа, што спадар Мазынскі адчувае сябе ўжо даволі добра, каб пагутарыць са сьледчым ў шпіталі. Яна ведае, што гэтак у шпіталі робяць, дактары ідуць насустрач супрацоўнікам міліцыі, калі тыя просяць пра такія сустрэчы. Але здарэньнем з рэжысэрам сьледчыя цікавяцца мала, лічыць Людміла Мазынская.

Нагадаю, сам рэжысэр у першым інтэрвію пасьля здарэньня заявіў, што ня верыць у пасьпяховае расьсьледаваньне гэтай справы і нават ня хоча зьвяртацца ў міліцыю.

Аднак жа ёсьць правіла, паводле якога пра падобныя інцыдэнты міліцыю інфармуюць дактары хуткай дапамогі. Гэтак міліцыянтам з Цэнтральнага РАУСу і стала вядома пра напад на Мазынскага. На жаль, пакуль да гэтай інфармацыі самі міліцыянты нічога не дадалі, і той невядомы злачынца, які ледзь не забіў Мазынскага, застаецца на волі.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG