Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АБСТАВІНЫ ВЫЗВАЛЕНЬНЯ ГЛАКА ЦЬМЯНЫЯ


Юры Дракахруст, Прага

Паводле афіцыйнай вэрсіі Кэнэт Глак быў вызвалены ў выніку апэрацыі расейскіх спэцслужбаў, якая адбылася без страляніны і бяз выплаты выкупу. Прэзыдэнт Пуцін падзякваў Федэральнай службе бясьпекі за вызваленьне амэрыканскага доктара.

Пасьля яго вызваленьня ён быў дапытаны пракурорам прарасейскай адміністрацыі Чачні Ўсеваладам Чарновым, які пасьля допыту заявіў, што вэрсія захопу доктара паўстанцкім камандзірам Якубам цалкам пацьвярджаецца.

Сам Кэннэт Глак пакуль публічна не распавядаў падрабязнасьці сваіх прыгодаў, сказаўшы толькі:

(Глак: ) “Са мною добра абыходзіліся. Мяне ня білі і не штурхалі. Зараз я шчасьлівы, што вярнуся дадому”.

Газэта “Коммерсантъ”, спасылаючыся на свае крыніцы, сьцьвярджае, што на самай справе ніякай спэцапэрацыі не было. Паводле выданьня сп-р Глак увесь месяц утрымліваўся ў мястэчку Старыя Атагі, дзе ён быў захоплены. У мінулую нядзелю невядомыя, што ўтрымлівалі яго ў закладніках, вывялі яго з месца, дзе ўтрымлівалі, і адвялі да дома мясцовага лекара. Лекар выклікаў прадстаўнікоў расейскай ваенай камэндатуры. Іх зьяўленьне і было названа “спэцапэрацыяй”.

Але нават вэрсія “Коммерсанту” не дае адказу на пытаньне пра ініцыятараў захопу амэрыканскага доктара.

Прадстаўнікі чачэнскага супраціву, у прыватнасьці, лідэр паўстанцаў Аслан Масхадаў, лічаць, што захоп быў арганізаваны самімі расейскімі спэцслужбамі. Пры гэтым прыгадвецца, што ў мінулым годзе Кэннэт Глак, які працаваў у Чачні яшчэ ў гады першай вайны, прадставіў Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы вельмі жорсткую справаздачу, у якой параўнаў дзеяньні расейскага войска ў Чачні з “этнічнымі чысткамі”, што адбываліся ў былой Югаславіі ў 90-х гадох.

Паводле меркаваньня чачэнскіх паўстанцаў, захоп Глака быў помстаю з боку расейскіх уладаў за гэтыя абвінавачваньні. І прадстаўнікі чачэнскага супраціву, і некаторыя расейскія выданьні праводзяць аналёгіі паміж справамі Глака і Бабіцкага. Журналіст Радыё “Свабода” Андрэй Бабіцкі, якога, нібыта, абмянялі на палонных расейскіх жаўнераў, на самай справе ўтрымліваўся чачэнцамі, зьвязанымі з расейскімі спэцслужбамі.

Але варта адзначыць, што пошук вінаватых паводле формулы “Каму выгадна?”, не заўсёды дае адпаведныя вынікі. У Чачні дзейнічаюць узброеныя групоўкі, якія не падпарадкоўваюцца кіраўнікам супраціву і кіруюцца часам карысьлівымі матывамі – паводле паведамленьняў мэдыяў, за доктара Глака падчас яго зьняволеньня патрабавалі выкуп.
Наглядальнікі адзначаюць, што незалежна ад таго, хто вінаваты ў захопе Глака, расейскія ўлады скарыстоўваюць сытуацыю на сваю карысьць.

Наступствам захопу Кэннэта Глака стала згортваньне дзейнасьці ў Чачні шэрагу гуманітарных арганізацыяў. Зараз пасьля яго вызваленьня яны маюць намер аднавіць працу. Дарэчы, сам Кэннэт Глак пасьля вызваленьня выказаў намер працягваць працаваць у Чачні. Прадстаўнік прэзыдэнта Расеі ў правох чалавека ў Чачні Ўладзімер Каламанаў папярэдзіў, што калі гуманітарныя арганізацыі, што дзейнічаюць у Чачні, ня будуць падпарадкоўвацца правілам, устаноўленым расейскімі ўладамі, то сытуацыя, падобная справе Глака, “можа паўтарыцца, але з іншым вынікам”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG