Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ГОМЕЛІ СУДЗЯЦЬ МІЛІЦЫЯНТАЎ-САДЫСТАЎ


Казімер Яноўскі, Гомель


Спатрэбілася ажно дзевяць месяцаў, каб опэрупаўнаважаныя крымінальнага вышуку Цэнтральнага райаддзелу міліцыі Дзяніс Дзенісоўскі, Сяргей Маісеенка і Андрэй Іваноў сталі перад судом.

Летась пракуратура Цэнтральнага раёну, нягледзячы на заявы пацярпелых і сьведчаньні мэдэкспэртызы пра пабоі, адмовілася распачаць крымінальную справу супраць афіцэраў міліцыі.

Але на падставе скаргаў абласная пракуратура пастанавіла распачаць справу. Матэрыялы дасьледаваў і давёў да суду сьледчы па найважных справах аблпракуратуры Альберт Чумакоў.

Наша радыё па гарачых сьлядах перадавала, што летась 31 сакавіка міліцыянты памылкова схапілі ў мікрараёне Валатава трох маладых хлапцоў — Сяргея Сідаровіча, Дзіму Калякіна і Юру Кір'янава — і абвінавацілі іх у рабаваньні сям'і.

Прызнаньняў афіцэры-апэратыўнікі дамагаліся кулакамі, дубінкамі, нагамі. Як вынікае з матэрыялаў сьледзтва, опэрупаўнаважаны крымінальнага вышуку старэйшы лейтэнант Дзяніс Дзенісоўскі аднаму з хлопцаў засоўваў у рот рулю пісталета.

Каб схаваць пабоі, міліцыянты накіравалі юнакоў у ізалятар. А праз два дні на падставе ілжывых пратаколаў судзьдзя Цэнтральнага суду Яраслаў Парэмскі пакараў зьбітых маладых людзей яшчэ й адміністрацыйным арыштам на розны тэрмін — нібыта за лаянку й спробу ўчыніць бойку.

Цяпер у крымінальнай справе судзьдзя Парэмскі і асобныя чыны з Цэнтральнага райаддзелу міліцыі праходзяць як сьведкі.

Афіцэры-апэратыўнікі, супраць якіх распачалі судовую справу за зьдзек над юнакамі, знаходзяцца не за кратамі, а на волі — далі падпіску пра нявыезд. Начальнік райаддзелу міліцыі палкоўнік Смолікаў паведаміў, што іх ня звольнілі, але працуюць яны не ў апэратыўным вышуку, а ахоўваюць грамадзкі парадак.

Што да сапраўдных злачынцаў, якія летась у сакавіку абрабавалі сям'ю ў мікрараёне Валатава, міліцыянты іх дагэтуль не знайшлі.

XS
SM
MD
LG