Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АЎСТРЫЯ ВЫПЛАЦІЦЬ БЕЛАРУСАМ КАМПЭНСАЦЫЮ


Ягор Маёрчык, Менск

Агульная сума выплатаў складзе блізу 17 мільёнаў даляраў ЗША.

З 400 000 чалавек, якіх нацысты вывезьлі зь Беларусі на прымусовую працу, сёньня яшчэ жывуць крыху больш за 6 000 чалавек. Усе яны атрымаюць аднаразовую грашовую кампэнсацыю.

Кампэнсацыя залежыць ад працы, якую выконвалі беларускія грамадзяне ў Аўстрыі. Найбольш атрымаюць тыя, хто, на думку аўстрыйскага боку, меў статус рабоў. Ім выплацяць каля 6 500 даляраў ЗША кожнаму.

Тым, каго прымушалі працаваць ў прамысловасьці, заплоцяць крыху больш за 2 000 даляраў; тыя ж, хто прымусова працаваў у сельскай гаспадарцы, атрымаюць па 1 200 даляраў ЗША.

Старшыня Камітэту аўстрыйскай Фундацыі прымірэньня доктар Людвіг Штайнэр гэтак тлумачыць рашэньне ўладаў сваёй краіны:

(Штайнэр: ) "Пад час вайны Аўстрыі як самастойнай дзяржавы не існавала, і тым ня менш, для нас вельмі істотна адказваць перад гісторыяй. Выплата кампэнсацыяў — гэта для нас яшчэ й маральнае пытаньне".

Беларусь — адна з шасьці краінаў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы, грамадзяне якіх атрымаюць кампэнсацыі. Даты пачатку выплатаў старшыня праўленьня Беларускай рэспубліканскай фундацыі “Ўзаемапаразуменьне і прымірэньне” Валянцін Герасімаў на сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі назваць ня змог. Але ён перакананы, што сёлета людзі, якія прыцягваліся да прымусовых працаў, атрымаюць кампэнсацыі ад Аўстрыйскай рэспублікі.

XS
SM
MD
LG