Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЕНСК ПРЫБЫЎ ПАСОЛ ЭЎРАПЕЙСКАЙ КАМІСІІ


Уладзімер Глод, Менск

Учора ўвечары ў Менск прыбыў Андрэ ван Аэрбэк — амбасадар Эўрапейскай камісіі ў Беларусі, Малдове і Ўкраіне (офіс Эўракамісіі месьціцца ў Кіеве).

Мэта ягонага візыту — знаёмства зь цяперашняй сытуацыяй у Беларусі і высьвятленьне эфэктыўнасьці працы праграмаў TACIS у Беларусі.

Спадар ван Аэрбэк сустрэўся з кіраўніком Кансультацыйна-назіральнай групы АБСЭ ў Беларусі Гансам-Георгам Вікам. Цягам наступных трох дзён ён таксама сустрэнецца з урадавымі чыноўнікамі наконт праграмаў TACIS.

Неўзабаве Менск наведаюць сябры адмысловай рабочай групы адносна Беларусі ПА АБСЭ. Старшыня гэтай групы Адрыян Сэвэрын сам у Менск не зьбіраецца, але 18 і 19 лютага прыедуць прафэсар Герд Вайскірхен зь Нямеччыны і швэдзкі сацыял-дэмакрат Урбан Алін. Намесьнік старшыні Вярхоўнага Савету Беларусі 13-га скліканьня Анатоль Лябедзька мяркуе, што менавіта іхныя высновы будуць уплываць на вынікі паседжаньня Сталага камітэту ПА АБСЭ.

Паседжаньне гэтае адбудзецца ў Вене 24 лютага, на ім плянуецца вырашыць, якая зь дзьвюх інстытуцыяў — Вярхоўны Савет 13-га скліканьня альбо Палата прадстаўнікоў 2-га скліканьня — будуць прадстаўляць парлямэнт Беларусі ў гэтай уплывовай міжнароднай арганізацыі.

Прычым, адрозна ад ПА Рады Эўропы, дзе статус адмыслова запрошанага для Беларусі прыпынены, у Вене падобнага рашэньня прыняць ня могуць. Статут ПА АБСЭ сьцьвярджае: калі краіна ўваходзіць у АБСЭ, дык і ейны парлямэнт мусіць быць прызнаны. Таму Сталы камітэт мусіць нешта вырашыць.

Ня выключана, што да 24 лютага Менск наведае і дзейны старшыня АБСЭ — міністар замежных справаў Румыніі Мірча Джэнаа.

Тымчасам дачыненьні афіцыйных уладаў Беларусі з АБСЭ ўвогуле і КНГ АБСЭ ў Беларусі ў прыватнасьці сталі тэмай сёньняшняй сустрэчы амбасадара Віка зь міністрам замежных справаў Беларусі Хвастовым. Яна пачалася сёньня а 18-й гадзіне. Пра ейныя вынікі мы паведамім пазьней.

XS
SM
MD
LG