Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РОЛЯ ЕЛЬЦЫНА Ў ГІСТОРЫІ БЕЛАРУСІ


Юры Дракахруст, Прага

Часам погляды на таго ці іншага палітычнага дзеяча яго уласнага народу і суседзяў адрозніваюцца кардынальна. Расейскі цар вызваліцель Аляксандар Другі – кат Польшчы і Беларусі, вызваліцель Мікіта Хрушчоў – кат Вугоршчыны. Гэтак і зараз стаўленьне, прыкладам, чачэнцаў да першага прэзыдэнта Расеі – цалкам адназначнае, і гэтую старонку яго палітычнай біяграфіі немагчыма выкрэсьліць.
Але для Беларусі роля Борыса Ельцына падаецца дваістаю.
Гаворыць экс-сьпікер Беларускага парлямэнту Станіслаў Шушкевіч.

(Шушкевіч: ) “Ельцын пачаў змагацца з той сыстэмай, якая яго спарадзіла і прадстаўніком якой ён быў. Калі пачытаць яго мэмуары, яго кнігі, мэта яго жыцьця – змаганьне з камуністычнай сыстэмай, зь яе адмоўнымі рысамі. Я думаю, у гэтым сэнсе ён многае зрабіў. Але мне здаецца, што ў пэўных сэнсах ён застаўся бальшавіком і камуністам, дзейнічаў бальшавіцкімі мэтадамі, таму ён быў як бы супярэчлівым. З аднаго боку ён змагаўся з сыстэмай, а зь іншага ён і не разышоўся зь ёй. Мне здаецца, што для Беларусі ён зрабіў тое, што ён паказаў прыклад, як з гэтай сыстэмай можна змагацца і ў пэўным сэнсе ўзьдзейнічаў на нашыя рашэньні, накіраваныя на абмежаваньні дзейнасьці старой партнамэнклятуры і камуністычнай партыі Беларусі”.

Наконт таго, што “бальшавік” Ельцын, так бы мовіць, “крыху дапамог” скінуць кампартыю Беларусі, варта прыгадаць, якая малая купка людзей выйшла у 1991 годзе на тады яшчэ плошчу Леніна ў Менску у дні жнівеньскага путчу. Існуе іншы радыкальны пагляд на ролю Ельцына ў дэкамунізацыі краінаў былога СССР, у тым ліку і Беларусі. Вось меркаваньне аглядальніка расейскай службы нашага радыё

(Стрэляны: ) “У сучаснай Беларусі, калі ўсё ж дапусьціць, што гэта дастаткова незалежная дзяржава і новая незалежная дзяржава, то я б сказаў, што Ельцын і прынёс гэтай Беларусі гэтую Беларусь. Тым, што ліквідаваў КПСС, гэта залежала ад яго, гэта яго асабістая заслуга. КПСС безь яго, магчыма, расвалілася б на дзесяцігодзьдзі пазьней. Белавескія пагадненьні, у выніку якіх разваліўся СССР, - гэтымі пастановамі, асабістым унёскам у гэтыя рашэньні Ельцын і прынёс сучаснай Беларусі, з усімі яе плюсамі і мінусамі, слабасьцямі і заганамі, пакутамі і посьпехамі, саму Беларусь гэтай Беларусі”.

“Ельцын прынес Беларусі Беларусь,” – зразумела, палемічнае перабольшваньне, але хаця б з фармальнага пункту гледжаньня зь ім можна пагадзіцца. На белавескія пагадненьні можна глядзець і як на развал саюзу, і як на акт узаемнага прызнанньня новых дзяржаваў. І не паставіў бы пад ім свой подпіс Ельцын, прадстаўнік самай вялікай з гэтых дзяржаваў – невядома, калі і якім чынам незалежная Беларусь з’явілася б на мапе сьвету. Досьвед шматпакутнай Югаславіі паказвае, што гэтае нараджэньне магло б стаць значна больш крывавым, ці не адбыцца наагул. Ельцын тады не захацеў стаць расейскім Мілошавічам.
Іншая справа, што, магчыма, матывы яго ўчынкаў былі ня надта ўзвышаныя. Вось меркаваньне Станіслава Шушкевіча, які больш як 9 гадоў таму ставіў свой подпіс пад белавескімі пагадненьнямі побач з подпісам Ельцына.

(Шушкевіч: ) “Калі я задумваюся над тым, што ўзьдзейнічала на Ельцына, калі ён дзейнічаў у накірунку стварэньня СНД, я думаю, перш за ўсё ён хацеў стаць сапраўдным прэзыдэнтам Расеі. Ельцын ніколі ня думаў пра Беларусь і ніколі ня думаў зрабіць што-небудзь людзкае для Беларусі. Ён думаў пра Расею, каб ажыцьцявіць рэфармаваньне Расеі трэба пазбыцца Гарбачова-прэзыдэнта. Ельцыну перашкаджаў Гарбачоў, і гэта, мне здаецца, было галоўным матывам яго дзеяньняў у Белавескай пушчы. З другога боку зразумела, што і з украінскага, і беларускага боку мы прытрымліваліся іншага падыходу. Мы шчыра хацелі, каб была Судружнасьць незалежных дзяржаваў. Я маю на ўвазе Леаніда Макаравіча Краўчука ды сябе. І, здаецца, гэта спалучалася з тым, чаго хацеў Ельцын. Супярэчлівым ён быў чалавекам, але мудрым чалавекам. Мне здаецца, што для Расеі ён зрабіў многае і зрабіў даволі пасьлядоўна, хоць, як кажуць, ён быў непрадказальным, але ў пэўным сэнсе, у стратэгічным, ён аказаўся прадказальным, таму што рэфармаваньне пачалося пры ім”.

(Карэспандэнт: ) “На Ваш погляд, Беларусі няма за што сказаць “дзякуй” Ельцыну?”

(Шушкевіч: ) “Ёсьць. Ёсьць, бясспрэчна. Але лічыць, што гэта было ягонай мэтай – тое, што ён зрабіў, я думаю, памылкова. Але тое, што ён разумеў, што ён гэта робіць, гэта – адназначна. І не імкнуўся супрацьстаяць такому падыходу – гэта таксама адназначна. Таму ёсьць за што сказаць яму дзякуй і пажадаць добрага здароўя”

Зь меркаваньнем Станіслава Шушкевіча пагаджаецца Анатоль Стрэляны.

(Стрэляны: ) “Беларускасьць як беларускасьць для Ельцына – не каштоўнасьць. Нават пытаньня ня варта задаваць, ці мог ён стаць сябром ня толькі Беларусі, а беларускасьці. Гэта быў бы іншы Ельцын. Нельга патрабаваць ад чалавека таго, на што ён ня здатны”.

Што ня быў першы прэзыдэнт Расеі змагаром за беларускую незалежнасьць, дык, сапраўды, і патрабаваць гэтага ад яго ня варта. Больш натуральна патрабаваць гэта ад саміх беларусаў. А што да матываў – дык у гісторыі застаюцца не матывы, а ўчынкі людзей. Ці варта Амэрыцы скардзіцца на тое, што Калюмб адкрыў яе, жадаючы ўсяго толькі знайсьці новы шлях ў Індыю? І тое, што матывам Ельцына было імкненьне да ўлады – наўрад ці падстава для папрокаў: ён гэтую уладу і атрымаў, і захаваў, і здолеў пры яе дапамозе нешта зрабіць. Можа, будзь ягоныя матывы больш высакароднымі, пры іх ён бы і застаўся.

Куды больш спрэчнымі падаюцца наступныя дзеяньні кіраўніка Расеі ў дачыненьні да Беларусі. Цынічная інтэграцыйная гульня, са штогадовымі падпісаньнямі дамовы пра канчатковае аб’яднаньне, з пастаянаю пагрозаю паглынаньня Беларусі Расеяй, якая на практыцы вылівалася ў падтрымку Масквою існуючай беларускай улады. І гэта -таксама Ельцын. Ізноў гаворыць Станіслаў Шушкевіч.

(Шушкевіч: ) “Ельцын увесь час, і, дарэчы, гэта вынікае з таго, што ён напісаў. Ён увесь час больш за ўсё баяўся аднаўленьня камуністычных парадкаў і баяўся ўмацаваньня на няправільнай аснове гэтых камуністычных лідэраў расейскіх. Ён зь імі ўвесь час змагаўся. А ім гэта ўсё было даспадобы, што робіцца ў Беларусі. Тое, што яму не хапіла мужнасьці ім супрацьстаяць. Я думаю, што яго нельга абвінавачваць, бо ён перадусім клапаціўся пра сябе, пра сваю ўладу і сваё становішча. Калі б ён гэтым займаўся, у яго былі б дадатковыя цяжкасьці з расейскімі левымі. А ён на гэта не хацеў ісьці. Тое, што ў яго пэрсанальна не было шчырай прывязкі да прыстойнасьці, да справядлівасьці, дэмакратыі, правоў чалавека – ну, скажам праўду, - не было”.

Думка наконт таго, што стаўленьне Ельцына да Лукашэнкі тлумачыцца выключна страхам перад Зюганавым і таварышамі, падаецца спрэчнаю. Ня надта Ельцын гэтай публікі баяўся, а часам і выкарыстоўваў Лукашэнку супраць яе. Магчыма, былі іншыя матывы беларускай палітыкі першага прэзыдэнта Расеі? Гаворыць Анатоль Стрэляны.

(Стрэляны: ) “Не выпадае спрачацца, што, хутчэй за ўсё, Ельцын хацеў забраць у Беларусі Беларусь і нават ня надта хаваў гэта. Але ж хто супраціўляўся па-сапраўднаму? Супраціўляўся і супраціўляецца ж Лукашэнка. Няма поўнай пэўнасьці ў тым, што мэты, якія пры гэтым мае Расея, дасягальныя, і што Расея, намагаючыся “прыбраць” Беларусь – у працяг палітыкі Ельцына – не выпрацоўвае проціатруту на месцы. І адным з гэтых цікавых праяваў проціатруты зьяўляецца сам Лукашэнка, як ня прыкра гэта казаць. Чамусьці ў размовах пра Беларусь, як і пра іншыя многія сур”ёзныя рэчы, прыходзіцца ўвесь час паўтараць – “пушки к бою едут задом”.

Гэтую заканамернасьць - “пушкі к бою едут задом”, Гегель называў гіроніяй гісторыі: людзі імкнуцца дасянуць аднаго, а адбываецца нешта іншае, часам супрацьлеглае мэце, і часам адбываецца менавіта дзякуючы высілкам гэтага іншага пазьбегнуць.

Тое, што палітыка ельцынавага Крамля ў дачыненьні да Беларусі і яе кіраўніка формавалася пад уплывам традыцыйных расейскіх памкненьняў, не адмаўляе і Станіслаў Шушкевіч.

(Шушкевіч: ) “Я думаў, што Ельцын – гэта шчыры, адкрыты чалавек, які змагаецца за правы чалавека, за дэмакратыю, за рынкавыя рэфармаваньні. І быў вельмі зьдзіўлены, калі даведаўся аб тым, што ён, напрыклад, абураны быў паводзінамі таго самага Лукашэнкі, які, фактычна зьневажаў яго, і яго атачэньне займалася ня тым, каб зьмяніць палітыку ў дачыненьні да Лукашэнкі ці рэжыму, незаконнага, на чале якога Лукашэнка. І чаму? Бо гэты рэжым быў зручны для Ельцына, бо, так бы мовіць, прыпаўзьлі на пузе да яго і сказалі: бярыце нас з патрахамі, мы – вашыя, рабіце з намі, што хочаце. Дык ён жа не супрацьстаяў гэтаму рэжыму, але абразы ён не цярпеў, не паважаў Лукашэнку, гэта зразумела. Але яму вельмі проста сказалі: ну, паслухаце, Вы – цар і Вы па-царску дзейнічаеце і не зьвяртайце ўвагі на выхадкі дробнага начальніка дробнага народца. Яму гэта вельмі падабалася. Ён так і дзейнічаў”.

На пытаньне пра ролю Ельціна у беларускіх справах сапраўды цяжка даць канчатковы адказ. Цяжка яшчэ і таму, што, у адрозьненньні ад палітычнай кар’еры першага прэзыдэнта Расеі Беларусь ня скончылася. І ня скончыцца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG