Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КУДЗІНАЎ - НА СВАБОДЗЕ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

З самай раніцы ледзь не да вечару сустракалі Ўладзімера Кудзінава ягоныя сваякі, калегі зь Вярхоўнага Савету 13 скліканьня, аднадумцы з Аб’яднанай грамадзянскай партыі, журналісты ды іншыя.

Людзі стаялі ля брамы менскай калёніі, на марозе, ня пэўныя, што менавіта сёньня Кудзінаў выйдзе на волю. Супрацоўнікі калёніі дакладнага часу выхаду вязьня не называлі.

Нічога не патлумачыў мне й начальнік калёніі Іван Бахур, якога ўдалося падпільнаваць ў пакоі выдачы прапускоў. Пабачыўшы дыктафон журналіста Радыё Свабода, галоўны турэмнік разьвярнуўся і моўчкі пашыбаваў у дзьверы побач з турэмнай брамай. Гэта было апоўдні.

Але яшчэ праз тры гадзіны з гэтых дзьвярэй выйшаў высокі хударлявы чалавек у спартовым строі. Уладзімера Кудзінава сустрэлі авацыяй. Ён абняў жонку й дачок, выпіў келіх шампанскага, а пасьля даў першае за чатыры гады інтэрвію.

(Кудзінаў: ) "Найперш дзякуй вялікі маім родным, блізкім, сябрам, усёй грамадзкасьці Беларусі ды міжнародным арганізацыям — за тое, што ня кінулі мяне. Увесь час цягам гэтых чатырох гадоў мяне падтрымлівалі. І я лічу, што мой доўг зараз — несьці карысьць і радасьць маім блізкім, сям'і, грамадзтву. Думаю, што на прэзыдэнцкіх выбарах мы дапаможам Аляксандру Рыгоравічу спусьціцца зь нябёсаў на зямлю".

(Карэспандэнт: ) "Як вы ацэньваеце палітычную абстаноўку зараз у краіне?"

(Кудзінаў: ) "Лічу, што цяперашняя палітычная сытуацыя вельмі складаная. Улады хочуць прымусіць беларускі народ, які яны называюць апазыцыяй, працаваць на прававым полі. Самі ж улады твораць няпраўе".

(Карэспандэнт: ) "А чаму вас так доўга трымалі сёньня? Мы вас чакалі ад самага ранку".

(Кудзінаў: ) "Сёньня толькі прыйшла пастанова суду пра зьмену майго тэрміну пакараньня. А далей адміністрацыя, каб пазьбегнуць грамадзкага рэзанансу, марудзіла з працэдурамі".

(Карэспандэнт: ) "Ці не папярэджвалі вас, каб вы не выступалі перад журналістамі?"

(Кудзінаў: ) "Не, мне гэтага адміністрацыя не казала. Чаму? Ды таму што я ўсё адно буду казаць пра рэальны стан, казаць тое, што думаю.

Пра тое, што я буду на волі, я даведаўся з Радыё Свабода 1-га лютага. Таксама "Народная Воля" надрукавала артыкул, што 5-га лютага я буду на волі".

(Карэспандэнт: ) "А як да вас ставіліся ў калёніі адміністрацыя і вязьні?"

(Кудзінаў: ) "Я вам пэўна скажу, што ў калёніі УЖ 15/1 ёсьць камэры, карцэры, дзе папросту катуюць чалавека. Тэмпэратура ў камэрах ня больш за 5–7 градусаў, там проста ідзе ломка сьвядомасьці".

(Карэспандэнт: ) "Вы засталіся дэпутатам Вярхоўнага савету. Як вы думаеце працягваць свае дэпутацкія паўнамоцтвы?"

(Кудзінаў: ) "Я быў і застаюся дэпутатам Вярхоўнага савету 13 скліканьня, які прызнала міжнародная супольнасьць. Гэта мой асноўны абавязак. Я хачу, каб як мага хутчэй у нас было створана дэмакратычнае й свабоднае грамадзтва. Я быў і застануся — і ў сваёй сям'і, сярод родных і сярод дэпутатаў — тым, хто трымаецца асноваў беларускай дэмакратызацыі".

(Карэспандэнт: ) "Лічыцца, што ўсе вашыя праблемы пачаліся, калі вы адмовіліся зьняць свой подпіс з патрабаваньня імпічмэнту Лукашэнку. Ці не шкадуеце, што гэтак зрабілі?"

(Кудзінаў: ) "Не. Я не шкадую, гэта быў мой грамадзянскі абавязак. Я б сёньня быў у нашмат горшым стане — перад грамадзтвам, перад сям'ёй, калі б здрадзіў тым людзям, зь якімі тады ішоў, калі б забраў сваю заяву.

Так, пасьля рэфэрэндуму, калі беларускі народ прайграў ды даў паўнамоцтвы ўладам вялізныя, я ведаў, што мяне арыштуюць. Ня ведаў толькі, дзе мяне арыштуюць. Калі ўжо здарылася так — гэта шлях, яго трэба прайсьці. Гэты рэжым вучыць людзей у турмах".

Адразу ад турмы на машыне сяброў Уладзімер з жонкай і дачкамі паехалі дадому, у Івацэвічы. Неўзабаве Кудзінаў думае наладзіць прэсавую канфэрэнцыю для беларускіх і замежных журналістаў.

Адно што яму патрэбны час, каб прыйсьці да сябе. Ужо сядаючы ў машыну, Кудзінаў патлумачыў, чаму ўзьнікла такая патрэба.

(Кудзінаў: ) "Я апынуўся там у сьвеце 1970-х гадоў. Калі выходзіш на волю, узьнікае нейкі страх, што ты адстаў ад гэтага грамадзтва. Грамадзтва пайшло наперад, а мне патрэбны будзе час нейкі, каб вучыцца жыць у гэтым грамадзтве", — кажа дэпутат Вярхоўнага савету Ўладзімер Кудзінаў, які чатыры гады правёў за кратамі і сёньня выйшаў на волю.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG