Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

НТВ ПАТРАБУЕ ГРОШЫ ЗА РЭКЛЯМУ


Ганна Соусь, Менск

3 лютага ў эфіры НТВ замест звыклай рэклямы НТВ зьявілася беларуская рэкляма.

Намесьнік Генэральнага дырэктара НТВ Аляксандар Герасімаў распавёў, што каля 1,5 месяцаў таму беларускі бок папярэдзіў прыватную тэлекампанію пра тое, што адбудзецца, так бы мовіць, умяшальніцтва ў рэклямную сфэру НТВ на тэрыторыі Беларусі. Пасьля гэтага распачаліся перамовы з кіраўніцтвам Белтэлерадыёкампаніі, але яны не далі плёну.

Як сьцьвярджае Аляксандар Герасімаў, ідэя “камэрцыйнага выкарыстаньня эфіру НТВ” нарадзілася ў адміністрацыі Лукашэнкі. Спадар Герасімаў нават бачыў пратакол нарады, дзе выпрацоўвалася гэтае рашэньне.

Тыдзень таму намесьнік Генэральнага дырэктара НТВ Аляксандар Герасімаў з гэтай нагоды прыяжджаў у Менск і сустракаўся са старшынём Белтэлерадыёкампаніі Віктарам Чыкіным і ягоным намесьнікам Ягорам Рыбаковым.

(Герасімаў: ) “У часе размовы са спадарствам Чыкіным і Рыбаковым я назваў гэта дзяржаўным рэкетам і бандытызмам. Мне адказалі, што гэта напраўду так; гэтыя хлопцы пацьвердзілі гэта, зусім спакойна гледзячы мне ў вочы.

Найперш мы выставім фінансавыя прэтэнзіі арганізацыям, якія распаўсюджваюць наш сыгнал. Рэч у тым, што ў адпаведнасьці з нашай дамовай зь Міністэрствам сувязі, штраф за адну несанкцыянаваную хвіліну ў эфіры каштуе каля 1 000 даляраў.

У Беларусі афіцыйна існуе маніторынг рэклямы, і мы падлічым, колькі гэта ў сярэднім будзе каштаваць згодна з нашай дамовай зь Міністэрствам сувязі, і складзем пазоў, а потым падамо ў суд на Белтэлерадыёкампанію, якая несанкцыянавана, фактычна па-бандыцку ўлазіць у наш эфір”.

НТВ мае ў Беларусі ўласнае рэклямнае агенцтва “Мэдыясэрвіс АРТ”, якое непасрэдна і займаецца тут рэклямнай дзейнасьцю. Дырэктар па рэкляме і разьвіцьцю гэтага агенцтва Антон Маціевіч быў проста абураны гэткім умяшальніцтвам ў рэклямныя справы прыватнай тэлекампаніі, якая, дарэчы, ня толькі плоціць Міністэрству сувязі за трансьляцыю, але й аддае частку прыбытку з продажу рэклямнага часу на тэрыторыі Беларусі.

Што да іншых расейскіх тэлеканалаў, якія перадаюць у Беларусі, дык ужо некалькі гадоў існуе практыка камэрцыйнага выкарыстаньня іхнага рэклямнага эфіру беларускім бокам. Але гэтыя каналы ня плоцяць за трансьляцыю ў Беларусі.

Белтэлерадыёкампанія пакуль адмаўляецца камэнтаваць сытуацыю. Але Генэральны дырэктар рэклямна-камэрцыйнай дырэкцыі Аляксандар Гануш паабяцаў праз пэўны час давесьці да нашага радыё афіцыйную пазыцыю.

Што да НТВ, дык Аляксандар Герасімаў кажа: “Такая вясёлая гісторыя за сем гадоў існаваньня НТВ здарылася ўпершыню”.

XS
SM
MD
LG