Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ПАМЁР АЛЯКСАНДАР ДУБКО-СТАРЭЙШЫ


Сяргей Астраўцоў, Горадня


Дзяржаўную камісію для пахаваньня Аляксандра Дубко ўзначаліў генэральны пракурор Віктар Шэйман. Праваахоўчыя ворганы атрымалі каманду забясьпечыць у горадзе грамадзкі парадак і стабільнае становішча. Экспэртная камісія міністэрства аховы здароўя будзе высьвятляць прычыны сьмерці Дубка. У горадзе было добра вядома, што ён хварэў на сэрца, неаднойчы лячыўся ў шпіталях. Зважаючы на стан здароўя, старшыня аблвыканкаму прасіўся ў адстаўку, але Лукашэнка да прэзыдэнцкіх выбараў, напэўна, не хацеў мяняць кіраўніка вобласьці.

Паводле зьвестак з аблвыканкаму, Дубко зьбіраўся гучна адзначыць 200-годзьдзе губэрніі і сысьці. Сам узначальваў аргкамітэт, сьвяткаваньне вырашылі првесьці дачасна – гэтай восеньню, хаця расейскі цар стварыў Гарадзенскую губэрнію ў 1802 годзе. Выконваць абавязкі старшыні аблвыканкаму будзе пакуль першы намесьнік Дубка па сельскай гаспадарцы Ўладзімер Саўчанка. Ён быў прысланы на гэтую пасаду ўлетку 1999 году з Магілеву. На такой жа пасадзе ў Магілеве за два тыдні да сьмерці бацькі пачаў пацаваць Аляксандар Дубко-малодшы, які дагэтуль узначальваў калгас у Гарадзенскім раёне.

Аляксандар Дубко-старэйшы кіраваў аблвыканкамам шэсьць гадоў. На гэтай пасадзе ён апынуўся ў якасьці кампраміснай асобы. У сьнежні 94 году Лукашэнка прыяжджаў у Горадню, каб зямяніць старшыню аблвыканкаму Сямёна Домаша, сёньня вядомага апазыцыйнага палітыка. Аднак, дэпутаты аблсавету не жадалі галасаваць за прапанаванага ім былога першага сакратара абкаму Сямёнава. Тады сам Лукашэнка прапанаваў адзіную кандыдатуру старшыні калгасу “Прагрэс” Аляксандра Дубко.

Дубко памёр у сваім вялікім новым доме, пабудаваным у старым горадзе, дзе ён пасьпеў пражыць толькі год. Пахаваньне адбудзецца ў сераду 7 лютага. У вобласьці абвешчаная трохдзённая жалоба, забаўляльныя мерапрыемствы праводзіцца ня будуць, сьцягі над установамі спушчаныя ніжэй звычайнага ўзроўню.

XS
SM
MD
LG