Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРА ЗАХАРАНКУ Ў НЯМЕЧЧЫНЕ


Сяргей Шупа, Вільня


Перад іхным домам у Менску ўвесь час стаялі аўтамабілі без апазнавальных знакаў. Кватэра праслухоўвалася, тэлефон таксама. Кампутар быў зьнішчаны, дыскеты пакрадзеныя. Вольга Захаранка была змушаная пакінуць Беларусь. Іначай яна магла б трапіць у аўтааварыю, як гэта здаралася зь іншымі апазыцыянэрамі ў Беларусі.

Дарослую дачку Лену таксама адкрыта папярэджвалі. Аднойчы нехта незнаёмы сказаў ёй: «Калі Вы яшчэ раз надрукуеце хоць адзін артыкул пра бацьку, Ваш трохгадовы сын будзе выкрадзены».

У нейкі момант ціск стаўся невыносны. Захаранкі спакаваліся і зьехалі ў Нямеччыну. Сёньня яны жывуць у вэстфальскім горадзе Мюнстэры; іхная просьба аб прытулку была задаволеная.

Дзень 7 траўня 1999 году ўсё яшчэ застаецца ў памяці абедзьвюх жанчын. У той дзень быў выкрадзены былы міністар унутраных справаў Беларусі Юры Захаранка. «Якраз гэтым яму перад тым і пагражалі», - кажа Вольга Захаранка. На той час яе муж быў ужо не паплечнікам прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі, як падчас абвешчаньня незалежнасьці ў 1991 годзе, а ягоным зацятым апанэнтам.

«Лукашэнка ператварыўся ў аўтарытарнага ўладара і ў 1996 годзе самаўладна працягнуў тэрмін свайго прэзыдэнцтва. Мой муж выступаў супраць гэтай антыдэмакратычнай палітыкі», - тлумачыць Вольга Захаранка прычыны «зьнікненьня» мужа. Яна ўпэўненая, што ва ўсёй гэтай гісторыі замешаная дзяржава.

Улетку 1999 году апазыцыя на вуліцах Менску пратэставала супраць самаўладзтва Аляксандра Лукашэнкі. Аднак замест чаканых выбараў адбыліся масавыя рэпрэсіі. Галоўныя апазыцыянэры былі арыштаваныя або «прапалі», некаторыя жывуць на эміграцыі, іншыя ўжо нежывыя.

Ад таго моманту, калі ўвечары 7 траўня 1999 году Юры Захаранка не вярнуўся дадому, абедзьве жанчыны былі вельмі актыўныя. Разам з палітычнымі прыхільнікамі яны расклейвалі па ўсім горадзе плякаты з партрэтам зьніклага. Падчас дэманстрацыяў яны несьлі фотаздымкі. каб засьведчыць, што пра Юрыя Захаранку не забыліся.

Знайшліся нават навочныя сьведкі выкраданьня: іхныя паказаньні былі выдрукаваныя асобнай брашурай. Аднак калі сьведкі меліся выступіць перад пракурорам, які пачаў разглядаць справу праз шэсьць месяцаў пасьля здарэньня, яны павярнуліся на 180 градусаў: «Раптам усе пачалі гаварыць, што нічога ня бачылі», - з расчараваньнем зазначае Лена Захаранка.

Ні разу за ўсе гэтыя дваццаць месяцаў сям’я не атрымала ніякіх знакаў таго, што «зьніклы» ўсё яшчэ жывы. Аднак жонка і дачка ўпарта чапляюцца за надзею, што ён утрымваецца ў нейкім патаемным сховішчы.

Тым часам прэзыдэнт Лукашэнка дагэтуль не саромеецца адкрыта сьцьвярджаць, што ягоны апанэнт Захаранка жыве недзе за мяжою. «Нядаўна ён нават абвясьціў у тэлевізіі, што мой муж жыве разам з намі ў Нямеччыне», - разгублена кажа Вольга Захаранка.

Сёлета Лукашэнка вымушаны пайсьці на выбары. І хоць у краіне яшчэ ёсьць адважныя людзі, якія ў палітыцы або ў сродках масавай інфармацыі наважваюцца ўзьняць голас супраць усемагутнага прэзыдэнта, аднак надзейнага кандыдата ў прэзыдэнты ад апазыцыі пакуль не відаць. Дый ці мог бы патэнцыйны кандыдат наагул выйсьці на перадвыбарчую сцэну бяз рызыкі быць прыбраным з дарогі — у гэтым сумняваюцца ня толькі Вольга й Лена Захаранкі.

Вось жа таму абедзьве жанчыны і заклікаюць узмоцніць публічны ціск на Менск, бо Лукашэнка зацікаўлены ў захаваньні добрай рэпутацыі. Апрача таго краіны Заходняй Эўропы мусілі б паставіць пытаньне аб высьвятленьні лёсу Захаранкі і перад расейскім прэзыдэнтам Пуціным, бо, на думку абедзьвюх жанчын, «Лукашэнка цалкам залежыць ад Расеі».
XS
SM
MD
LG