Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АРЫШТАВАНЫЯ АКТЫВІСТЫ МАЛАДОГА ФРОНТУ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Сталічныя ўлады сёньня фактычна забаранілі ладзіць акцыю 14 лютага ў цэнтры гораду.

Актывіст Маладога Фронту Яўген Афнагель і ягоны непаўнагадовы прыяцель Раман мінулай ноччу расклейвалі ўлёткі ў менскім мікрараёне Паўднёвы Захад. Каля 12-й гадзіны абодвух хлопцаў затрымаў міліцэйскі патруль і даставіў у пастарунак.

Міліцыянты канфіскавалі ў маладафронтаўцаў каля 30 улётак з заклікам да моладзі прыйсьці 14 лютага а 17-й гадзіне на плошчу Свабоды ды ўзяць удзел у акцыі пад назваю “Любові! Свабоды! Пераменаў!”

На Яўгена Афнагеля й ягонага сябра склалі адпаведныя пратаколы. Іх трымалі ў пастарунку каля гадзіны, пасьля адпусьцілі. Паводле Яўгена Афнагеля, міліцыянты ставіліся да іх даволі прыхільна й нават выказвалі сваю падтрымку дзеяньняў апазыцыі, але прасілі зразумець і іх, — міліцыянты, маўляў, людзі паднявольныя.

Цяпер адміністратыўную справу Яўгена будзе разглядаць суд, а справу Рамана — камісія па справах непаўнагадовых райвыканкаму.

Сёньня ж адбылася сустрэча аднаго з арганізатараў моладзевай акцыі 14 лютага Яўгена Скочкі з намесьнікам старшыні Менскага гарвыканкаму Міхаілам Пятрушыным і прадстаўнікамі міліцыі й КГБ.

Прадстаўнікі ўладаў заявілі спадару Скочку, што дазволіць правядзеньне 14 лютага моладзевага шэсьця ад плошчы Свабоды да плошчы Незалежнасьці яны ня могуць, і прапанавалі правесьці акцыю на Бангалёры, альбо ў парку 50-годзьдзя Кастрычніка ці каля цырку Шапіто.

Намесьнік старшыні Маладога Фронту Яўген Скочка заявіў, што аніводнага з прапанаваных уладамі варыянтаў правядзеньня акцыі 14 лютага для арганізатары не прымаюць. Пасьля заканчэньня сустрэчы Яўген Скочка паведаміў нашаму радыё наступнае:

(Скочка: ) "Пакуль што мы будзем працягваць перамовы. Што да выканкаму — спадзяюся, што здаровы сэнс ўсё ж пераможа. Калі ж яны зусім супрацьпаставяць сябе моладзі, мы будзем рабіць, што заплянавалі. Сьвяткаваньне Дня Сьвятога Валянціна адбудзецца".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG