Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

МІНІСТАР ЗАМЕЖНЫХ СПРАВАЎ ІРАНУ Ў МЕНСКУ


Юры Сьвірко, Менск


З Кіева ў Менск сёньня прыляцеў мiнiстар замежных справаў Iсламскай Рэспублiкi Iран Камаль Харазi. Ён сустрэнецца з А.Лукашэнкам, прэм'ерам У.Ярмошыным ды сьпікерам Палаты прадстаўнiкоў В.Паповым.

Раніцай прайшлі перамовы спадара Харазі зь ягоным беларускім калегам М.Хвастовым, але журналісты, якія прысутнічалі на пачатку сустрэчы двух міністраў, пачулі толькі абмен ветлівасьцямі, хаця была й экзотыка:

(Харазі: ) "У імя Алаха міласьцівага й міласэрнага", — гэтак пачынаў кожную рэпліку Камаль Харазі.

Паводле словаў міністра Хвастова, Беларусь высока ацэньвае ўсё большую ролю Ірану ў рэгіянальнай і міжнароднай палітыцы. Менск таксама разглядае свае дачыненьні з Іранам як важны кірунак замежнае палітыкі ў Азіі.

Як сьцьвярджае прэсавы рэліз беларускага дыпляматычнага ведамства, у часе сустрэчаў кiраўнiцтва Рэспублiкi Беларусь зь мiнiстрам замежных справаў Iрану будзе абмеркаванае шырокае кола пытаньняў двухбаковага ўзаемадзеяньня i, найперш, пытаньнi эканамiчнага супрацоўнiцтва. Сёньня ж з Камалем Харазі сустрэўся дзяржаўны сакратар Рады бясьпекі Беларусі У.Латыпаў.

На гэтым тле цікавым падаецца склад іранскае дэлегацыі, у якую ўваходзяць Магамад Саідзі, генэральны дырэктар у міжнародных пытаньнях Арганізацыі атамнае энэргетыкі Ірану, ды Мэхрдад Ахлагі-Кэтабчы з Аэракасьмічнае арганізацыі іранскага міністэрства абароны.

Нагадаю, што ў верасьні ў Менску пабывала іранская дэлегацыя на чале зь мiнiстрам гандлю Магамадам Шарыятмадары, які адмоўна адказаў на маё пытаньне, ці абмяркоўваліся пэрспэктывы ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва дзьвюх краінаў. І вось цяпер у Беларусь прыехалі іранскія адмыслоўцы ў галіне атамнае энэргетыкі ды авіякасьмічнае прамысловасьці.

Мажліва, менавіта яны закліканыя паспрыяць росту іранска-беларускага таваразвароту, які летась склаў усяго крыху больш за 20 мільёнаў даляраў.

Асноваю беларускага экспарту ў Іран ёсьць прадукцыя нафтахiмiчнага комплексу, прамысловыя тавары ды электронiка. А імпартуюцца адтуль прадукты харчаваньня й тавары мэдычнага прызначэньня.

Заўтра зранку іранскі міністар замежных справаў будзе браць удзел у цырымоніі адкрыцьця амбасады Ірану ў Менску. Будынак для сваёй місіі іранцы знайшлі ў так званым Сельгаспасёлку, амаль у канцы сталічнае вуліцы Максіма Багдановіча.


XS
SM
MD
LG