Абодва крэдыты, абяцаныя Беларусі, пакуль што захоўваюцца на рахунках ураду і Цэнтральнага банку Расеі. Пётар Пракаповіч нагадаў сёньня, што лёс першага крэдыту на 4,5 мільярда расейскіх рублёў вызначаўся пры ягоным непасрэдным удзеле летась 15 сьнежня.
У той дзень старшыня Нацбанку П.Пракаповіч падпісаў з кіраўніком расейскага Цэнтрабанку Віктарам Герашчанкам пагадненьне, паводле якога меркавалася 1,5 мільярда перадаць Беларусі як найхутчэй.
Сёньня высьветлілася, што Масква грошай дагэтуль не пералічыла. Чаму? Пётар Пракаповіч адказаў вось што:
(Пракаповіч: ) “Гэтыя пагадненьні дагэтуль не ратыфікаваныя парлямэнтамі Беларусі й Расеі, таму й затрымка.
Я разумею, што насамрэч вы пытаецеся, ці здолеем мы без расейскага крэдыту забясьпечыць стабільнасьць абменнага курсу беларускага рубля. Здолеем.
Крэдытныя рэсурсы нам патрэбныя ня толькі для фінансавай стабілізацыі, а й для іншых мэтаў. Яны патрэбныя нам найперш для паляпшэньня дачыненьняў суб’ектаў гаспадараньня Беларусі й Расеі”.
Між тым, для забесьпячэньня згаданай мэты прадугледжваўся другі крэдыт, які абяцаў Беларусі ўрад Расеі — на 100 мільёнаў даляраў. Першую траншу, 30 мільёнаў даляраў, плянавалі атрымаць таксама ў сьнежні.
Сёньня старшыня Нацбанку пацьвердзіў, што й гэтая дапамога пакуль не дайшла да Менску. Каб атрымаць яе, Менск мусіць разьлічыцца з Масквою за леташні доўг — гэта 22 мільёны даляраў.
На думку Пятра Пракаповіча, марудная рэалізацыя фінансавых пагадненьняў адмоўна ўплывае на абедзьве дзяржавы. А вось як стан беларуска-расейскіх дачыненьняў пракамэнтаваў нашаму радыё фінансавы экспэрт Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў эканаміст Міхал Залескі:
(Залескі: ) "Калі нехта грошы дае, дык ён разьлічвае, што яму тыя грошы вернуцца. А калі ня вернуцца, дык ён атрымае для сябе нейкую ільготу, прэфэрэнцыю, выгоду.
Тут жа так выходзіць: грошы просяць на тое, каб самім сабе стабілізаваць жыцьцё. А гэнае ж жыцьцё для расейцаў і так стабільнае. Летась кошт беларускага экспарту сярэдні падрос на 19%. Кошт расейскага імпарту — на 40%. Навошта ім тут стабілізацыя?
Але што тут будзе пераважаць — палітычныя інтарэсы ці эканамічныя, цяжка сказаць. Асабліва зараз, напярэдадні ўсіх выбараў ідзе таксама вялікі палітычны разьлік, ёсць непакой у Расеі — хто будзе карыстацца гэнымі грашыма?"
(Карэспандэнт: )"Як лічыце, ці правільна было прывязваць абменны курс беларускага рубля да расейскага?"
(Залескі: ) "Калі ўлічыць, што ў нас 60% і болей экспарту ідзе ў Расею, пэўны сэнс у гэтым быў. Але і расейская эканоміка, і беларуская карыстаюцца найбольш далярам. Таму што функцыі грошай даляр выконвае больш пасьпяхова за расейскі й беларускі рублі.
Калі ўжо так хочаш да нечага прывязвацца — дык да цьвёрдага трэба, каб не хістала, а не да хісткага, каб хістацца разам зь ім", — зазначыў эканаміст Залескі.