Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЕНСКУ АДКРЫЛАСЯ АМБАСАДА ІРАНУ


Валер Каліноўскі, Менск



Першых наведнікаў амбасады сёньня папрасілі зьняць чаравікі ля ўваходу ў будынак — такі іранскі звычай. Праўда, міністры ды замежныя дыпляматы пайшлі на цырымонію абутыя.

Новая амбасада разьмясьцілася ў арэндаваным прыватным катэджы сярод драўляных забудоваў на вуліцы Мажайскай. Пакуль іранскі амбасадар не прызначаны, ягоныя функцыі будзе выконваць часова павераны ў справах.

Міністар замежных справаў Ірану Камаль Харазі, адкрываючы будынак, гаварыў звычайныя ў гэткіх выпадках словы пра тое, што ягоная краіна надае вялікую ўвагу сувязям зь Беларусьсю і што Беларусь ёсьць надзейным партнэрам Ірану ў рэгіёне.

Міністар замежных справаў Беларусі Міхаіл Хвастоў ацаніў двухбаковыя дачыненьні як плённыя, адзначыўшы супрацоўніцтва ў міжнародных арганізацыях.

Найбольш задаволеныя адкрыцьцём амбасады іранскія студэнты, якія за свае грошы вучацца ў Менскім мэдычным інстытуце, Палітэхнічнай акадэміі ды іншых ВНУ.

Гаворыць старшыня зямляцтва іранскіх студэнтаў у Менску Джавад Рахмон-задэ:

(Рахмон-задэ: ) "Проста тут нам не хапае спакою, спакойна студэнты ня могуць тут жыць. У нас звычайна праблемы зь міліцыяй. Так, дакумэнты правяраюць, але гэта не праблема.

Ня могуць нам забясьпечыць нармальнага жыцьця. Наш інтэрнат на вуліцы Дзяржынскага, 83 — амаль што ў пустэльні, там звычайна зламысьнікі зьбіваюць студэнтаў, нападаюць, грошы забіраюць. І міліцыя там ніколі не правярае, ня ходзіць, не глядзіць".

На сустрэчы студэнтаў зь міністрам Камалем Харазі іранскія студэнты скардзіліся на злачыннасьць, і той паабяцаў, што пасьля адкрыцьця амбасады сытуацыя палепшыцца.

Іран, як і Беларусь, мае даволі напружаныя дачыненьні з ЗША: амэрыканскага амбасадара Майкла Козака на адкрыцьці іранскай амбасады не было.

Міністар замежных справаў Ірану сустракаўся таксама з А.Лукашэнкам, прэм'ер-міністрам У.Ярмошыным, сакратаром Рады бясьпекі Ў.Латыпавым.

А.Лукашэнка пасьля сустрэчы з іранскім міністрам заявіў, што ў супрацоўніцтве дзьвюх дзяржаваў "няма й ня можа быць закрытых тэмаў" і што ніхто ня зможа перашкодзіць гэтаму супрацоўніцтву.




Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG