Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАЧАЛАСЯ НАРАДА ДЗЕЯЧОЎ КУЛЬТУРЫ


Віталь Тарас, Прага


(Карбалевіч: ) “Нарада прадстаўнікоў культуры з удзелам Лукашэнкі, натуральна, носіць характар перадвыбарчага мерапрыемства. У апошні час можна адзначыць асаблівую ўвагу Лукашэнкі да прадстаўнікоў творчай інтэлегенцыі – уладзе патрэбная іх падтрымка, асабліва напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў.

Нарада з работнікамі культуры і мастацтва – больш правільная назва, чым нарада з прадстаўнікамі творчай інтэлігенцыі, таму што інтэлігенцыі ў першапачатковым сэнсе гэтага слова ў нас няма. Характэрная асаблівасьць, родавая рыса інтэлігенцыі – грамадзянская пазыцыя. Якраз гэтага ў нашай інтэлігенцыі не стае. У нас інтэлігенцыя савецкая. Захавалася старая савецкая мадэль, у межах якой усе ўстановы культуры застаюцца дзяржаўнымі, і вялікая большасьць працаўнікоў творчых прафэсіяў атрымліваюць заробкі ад дзяржавы. Дзяржава перакрывае ўсе недзяржаўныя мэханізмы падтрымкі інтэлігенцыі, і вельмі знамянальна, што ўлады зьліквідавалі фонд Сораса ў Беларусі, адмаўляюцца тут стварыць рэжым ільготнага падаткаабкладаньня для прадпрымальнікаў, якія дапамагаюць установам культуры. Бо ў такім выпадку культура і мастацтва робяцца незалежнымі ад дзяржавы.

У нашых прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі псыхалёгія дзяржаўных служачых. Таму чакаць ад іх грамадзянскай пазыцыі, апазыцыі да ўлады наўрад ці магчыма. Усе прамоўцы заўтрашняй нарады будуць прасіць грошы, дзякваць прэзыдэнту за дапамогу, а аб лёсе нацыі, грамадзтва, народу будуць казаць ў якасьці другаснай тэмы. Яна ня будзе галоўнай”.

(Тарас: ) “Аляксандар Лукашэнка ўчора, віншуючы Івана Шамякіна з 80-годзьдзем, зазначыў, што творчыя працаўнікі павінны быць ні пралукашэнкаўскія, ні прамашэраўскія, ні прабрэжнеўскія – яны павінныя быць проста народныя, павіны быць, як ён сказаў, сутнасьцю беларускага народу. Лукашэнка таксама зазначыў, што не патрабуе ад пісьменьнікаў, каб яны хвалілі начальнікаў, але каб яны адпавядалі сутнасьці беларускага народу. Наколькі шчыра гучаць падобныя словы ў вуснах Лукашэнкі?”

(Карбалевіч: ) “Зразумела, што гэта палітычная гульня, што Лукашэнка палітык, палітык, які стварыў такую сацыяльную мадэль, у межах якой народным зьяўляецца тое, што адпавядае дзяржаўным інтарэсам, што адпавядае інтарэсам рэжыму. Таму я думаю, што ў вуснах Лукашэнкі адбываецца гэтае атаясамленьне інтарэсаў народа і інтарэсаў рэжыму, і Лукашэнка спрабуе гэтую ідэю навязаць грамадзтву: усё, што адпавядае інтарэсам яго рэжыму, тое адпавядае інтарэсам народу, усё, што выступае супраць яго рэжыму – гэта антынароднае. Вось такую няхітрую ідэю ён спрабуе запусьціць у масавую сьвядомасьць”.
XS
SM
MD
LG