Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЭКСПАНСІЯ РАСЕЙСКІХ ТАВАРАЎ У БЕЛАРУСЬ


Вінцэсь Мудроў, Наваполацак


Дзівіцца з прычыны ажыятажнага попыту на расейскі хлеб не даводзіцца – ён добрай якасьці і каштуе таньней за наваполацкі. Яшчэ пяць гадоў таму вуліцы нашых гарадоў поўнілі аўтобусы з братняй Пскоўшчыны – браты ехалі да нас па харчы. Цяпер жа, як бачым, назіраецца адваротны працэс, і ўжо расейцы вязуць да нас спажыву.

З паліцаў наваполацкіх крамаў раз за разам зьнікаюць айчынныя тавары, і іх месца ўпэўнена займае расейскі імпарт, у прыватнасьці, мяса-малочныя прадукты. Пры гэтым літар завезенага з Расеі малака каштуе ў Наваполацку 870 рублёў, а ў Маскве ў пераліку на беларускія рублі – усяго толькі 360. Падобная цэнавая дыспрапорцыя тычыцца і іншых тавараў.

Экспансія расейскіх тавараў на наш рынак адбываецца як з прычыны бядотнага стану аграрнага комплексу, так і стаўленьня ўраду да айчыных вытворцаў. Шырокай грамадзкасьці Полаччыны сталі вядомыя лічбы, якія характарызуюць дынаміку заняпаду мясцовай мяса-малочнай галіны. Так, у параўнаньні з 1990 годам вытворчасьць масла на Полацкім малочным заводзе скарацілася ў 9 разоў. Пры вытворчых магутнасьцяў у 600 тон, на заводзе сёньня перапрацоўваюць у содні каля 60 тонаў малака, і каб нечым заняць рабочых, адміністрацыя вымушаная задзейнічаць лініі па разьліве мінэральнай вады і ліманаду ды іншых безалкагольных напояў. Прычына такога стану рэчаў ізноў такі відавочная – недахоп сыравіны.

Падобная праблема апанавала і Полацкі мясакамбінат. Прадпрыемства ня ў стане своечасова разьлічвацца за здадзеную жывёлу, і таму вымушанае прадукаваць не каўбасу, а розныя сурагаты. У такой сытуацыі ўлады забаранілі калгасам здаваць жывёлу на недзяржаўныя прадпрыемствы, але гэтыя захады не далі плёну, калі не лічыць, што сумеснае беларукска-аўстрыйскае прадпрыемства па вытворчасьці каўбасаў, што дзейнічае ў Полацкім раёне, вымушанае згортваць вытворчасьць.

Заўважым, што наваполацкія крамы апанаваў ня толькі мяса-малочны імпарт, але і тавары, якія апошнім часам да нас практычна не завозіліся. Гэта торты, печава, кексы, пернікі, цукеркі.





Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG