Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВАКОЛ ЗАКОНУ АБ ІНФАРМАЦЫЙНАЙ БЯСЬПЕЦЫ


Віталь Цыганкоў, Менск



Найбольшы скандал апошніх дзён у сфэры СМІ — гэта, бадай, публікацыя законапраекту “Аб інфармацыйнай бясьпецы”. Круглы стол, прысьвечаны абмеркаваньню гэтага законапраекту, наведалі прадстаўніца ў Беларусі міжнароднай праваабарончай арганізацыі “Артыкул ХІХ” Сафія Пагсьлі ды экспэрт Цэнтру прававой дапамогі БАЖу Андрэй Бастунец.

Гутарыць Віталь Цыганкоў.

(Цыганкоў: ) "Неафіцыйны тэкст законапраекту “Аб інфармацыйнай бясьпецы” ўпершыню апублікавалі ў кнізе "Канцэптуальныя праблемы інфармацыйнай бясьпекі ў саюзе Расеі й Беларусі: матэрыялы навуковай канфэрэнцыі", кнігу гэтую выдалі ў Расеі.

Праект быў прадстаўлены ў дакладзе начальніка Ўправы інфармацыйных рэсурсаў і тэхналёгіяў сакратарыяту Савету рэспублікі спадара Новіка.

Незалежныя СМІ прааналізавалі адыёзныя палажэньні гэтага праекту, а міжнародныя арганізацыі выступілі з рэзкай крытыкай, тады ўлады пачалі актыўна ад яго адхрышчвацца. Маўляў, гэты тэкст як законапраект ніколі не разглядаўся.

Каб прасьвятліць сытуацыю, я папрасіў спадара Андрэя Бастунца, экспэрта Цэнтру прававой дапамогі БАЖу, патлумачыць, якая ж цяпер сытуацыя вакол праекту закона “Аб інфармацыйнай бясьпецы”. Дакладней, вакол праектаў. Колькі іх цяпер, каторы зь іх можна лічыць афіцыйным?"

(Бастунец: ) "Беларуская асацыяцыя журналістаў мела 3 варыянты гэтага законапраекту. Здаецца, апошні зь іх, які прадставіў на прэсавай канфэрэнцыі Мікалай Чаргінец, — сапраўды апошні варыянт, які яшчэ трохі зьменяць. Гэты варыянт ужо на экспэртызе ў дзяржаўных органах, якія даюць свае камэнтары ды заўвагі.

Варта чакаць, што менавіта гэты варыянт і пойдзе ў лютым у Палату прадстаўнікоў, дзе й будзе разглядацца як асноўны законапраект. Я спадзяюся, што аніякіх паралельных варыянтаў у Палаце не зьявіцца".

(Цыганкоў: ) "Моцна кртыкавала апублікаваны "першы" праект міжнародная арганізацыя супраць цэнзуры "Артыкул ХІХ". Наш круглы стол наведала прадстаўніца гэтай арганізацыі ў Менску Сафія Пагсьлі.

Спадарыня Пагсьлі, ці была якая рэакцыя беларускіх уладаў на заяву вашай арганізацыі? Увогуле, ці маеце вы нейкія кантакты з прадстаўнікамі беларускіх уладаў, працуючы ў Менску?"

(Пагсьлі: ) "Артыкул ХІХ" працуе ў Беларусі каля 5 гадоў, я ж у Беларусі ўжо 4 месяцы. За гэты час мы мелі кантакты з уладамі. Яны прынамсі, ведаюць, што я працую тут. Аднак улады дагэтуль аніяк не рэагавалі на нашыя заявы, хаця я ўпэўненая, што яны ведаюць пра іх".

(Цыганкоў: ) "Ці згодныя вы, што апублікаваны праект даволі тыповы для беларускіх уладаў? Здаецца, скандальныя палажэньні праекту блізкія тым поглядам, што пануюць у кабінэтах беларускіх чыноўнікаў ад інфармацыйнай палітыкі".

(Пагсьлі: ) "Артыкул ХІХ" лічыць, што гэты праект характарызуе беларускія ўлады, бо ізноў яны кажуць пра неабходнасьць дзяржаўнага кантролю за незалежнымі мэдыямі, пра абмежаваньне інфармацыі ў Беларусі. Выглядае, што такі законапраект — лягічны працяг наступу на беларускія мэдыі напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў".

(Цыганкоў: ) "Спадар Бастунец, пра што можа сьведчыць ідэя распрацоўкі такога закону як такая?"

(Бастунец: ) "Сама распрацоўка гэтага законапраекту і ягоны наступны разгляд у Палаце прадстаўнікоў сьведчаць пра пэўную лінію беларускіх уладаў. Закон бароніць нейкія дзяржаўныя каштоўнасьці, і бароніць іх праз абмежаваньне свабоды слова.

Маю ўражаньне, што першы законапраект абагульняў тыя прынцыпы, якімі кіруюцца беларускія ўлады ў гэтай праблеме. Потым жа, калі законапраект пачаў праходзіць ад аднаго распрацоўніка да іншага, пачаў праходзіць экспэртызу ў дзяржаўных органах, найбольш адыёзныя артыкулы з гэтага праекту пачалі выкідаць, і амаль нічога не засталося.

Калі мы параўнуем законапраекты першы й апошні, мы пабачым, што першы быў вельмі дрэнны, але там можна было заўважыць мэту ягонай распрацоўкі. Гэта мэта — паставіць усё на дзяржаўны кантроль.

Што да апошняга законапраекту, дык наогул не вядома, навошта ён распрацоўваецца. У ім амаль няма зьмястоўных нормаў, якія будуць дзейнічаць. Гэта, як кажа сам Чаргінец, базавы законапраект.

І мне здаецца, што найгалоўнейшая небясьпека гэтага законапраекту — тое, што па ягоным прыняцьці ён зробіцца нейкім сэмафорам, які адкрые шлях для іншых падобных законаў і нарматыўных актаў. Каб у гэтых актах зноў не зьявілася ўсё тое, што было ў першым праекце".

(Цыганкоў: ) "Спадарыня Пагсьлі, ці згодныя вы з спадаром Бастунцом, што яшчэ больш небясьпечным за прыняцьце гэтага закону можа быць спосаб ягонага выкананьня чыноўнікамі?"

(Пагсьлі: ) "Так, можа быць. Можна інтэрпрэтаваць гэты закон так, як вы хочаце. Гэты праект вельмі няпэўны, ён занадта цьмяны. І ўрад можа перакручваць яго, каб ціснуць на любы пункт гледжаньня, адрозны ад уладнага".

(Цыганкоў: ) "Зразумела, што дзяржава імкнецца абараняць інфармацыйную бясьпеку. Ці існуюць на Захадзе заканадаўчыя акты ў гэтай сфэры?"

(Пагсьлі: ) "Я магу растлумачыць, якімі павінны быць міжнародныя стандарты. Гэта лягчэй, чым даваць прыклады заканадаўства розных краінаў. Увогуле, часта свабода выказваньня проціпастаўляецца нацыянальнай бясьпецы.

Паводле міжнародных стандартаў, нейкія абмежаваньні свабоды выказваньня могуць быць усталяваныя толькі заканадаўча. Павінна быць абарона законных інтарэсаў, урад мусіць забясьпечваць свабоду выказваньня. Калі свабоду выказваньня абмяжоўвае закон, гэта мусіць вызначацца вельмі зразумела. А ня проста казаць, як у беларускім праекце, — маўляў, мы будзем абмяжоўваць інфармацыю, датычную заходніх каштоўнасьцяў.

Усе магчымыя абмежаваньні мусяць быць вызначаныя ў законе вельмі дакладна. Такі падыход робіцца практыкай у заходніх краінах, хаця заканадаўства заходніх краінаў і не дасканалае".

(Цыганкоў: ) "Ці можна казаць, што розгалас вакол законапраекту, які выклікалі беларускія СМІ і замежныя праваабарончыя арганізацыі, паспрыяў таму, каб скандальныя дыскрымінацыйныя палажэньні ня трапілі ў тэкст законапраекту?"

(Бастунец: ) "Мне ўсё ж здаецца, што гэты першы законапраект наўрад ці пайшоў бы ў Палату прадстаўнікоў. Мркую, што апошні варыянт, які пойдзе ў Палату, — гэта той, што перадаў Чаргінец.

Але ня думаю, што рэакцыя БАЖу і "Артыкулу ХІХ" была залішняй. Калі б ня гэта, можа, і апошняга варыянту праекту мы б ня мелі. Зараз грамадзкасьць можа яго вывучаць — а там ёсьць што вывучаць.

Па-другое, абмеркаваньне законапраекту ў грамадзтве стварае пэўнае інфармацыйнае поле вакол яго, і Палата прадстаўнікоў, можа, інакш будзе разглядаць гэтую справу.

І апошняе — навошта наогул гэты законапраект распрацоўваецца? У Беларусі існуюць Законы аб друку, аб інфарматызацыі, аб дзяржаўных сакрэтах і гэтак далей. Усе пытаньні, што разглядае гэты праект, ужо рэгулююцца актамі заканадаўства. Навошта ствараць закон, які будзе рэгуляваць тыя самыя пытаньні, і пры гэтым сфэра дзеяньня гэтых законаў не разьмяжоўваецца? Зрэшты, гэтае рытарычнае пытаньне ўтрымлівае адказ".

(Цыганкоў: ) "Спадарыня Пагсьлі, вы працуеце ў Беларусі ўжо чатыры месяцы. Як за гэты час зьмяніўся стан свабоды слова ў Беларусі?"

(Пагсьлі: ) "Апошнімі месяцамі я адчувала, што ёсьць уціск на сродкі масавае інфармацыі. І фактычна кожны пра гэта кажа. Кожны крок уладаў супраць няўрадавых мэдыяў адразу ж расцэньваецца як крок, зроблены з прычыны прэзыдэнцкіх выбараў.

Я адчуваю, што ўзрастае напружанасьць у недзяржаўных сродках масавае інфармацыі. Ня думаю, што правяла тут даволі часу, каб высьветліць, ці так гэта насамрэч. Бо перад маім прыездам было шмат падзеяў, якія паўплывалі на дыскрымінацыю незалежных мэдыяў".


XS
SM
MD
LG