Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ ПАРАЗУМЕЮЦЦА ПУЦІН І НТВ?


Віталь Портнікаў, Масква

Большасьць журналістаў НТВ ацаніла вынікі сустрэчы з Пуціным скептычна.
Сытуацыю камэнтуе наш маскоўскі карэспандэнт Віталь Портнікаў.

(Портнікаў: ) “Журналісты НТВ былі ўражаныя вынікамі сустрэчы. Але, думаецца, Уладзімір Пуцін быў зьдзіўлены ня менш. У яго былі ўсе падставы ня верыць шчырасьці сваіх суразмоўцаў. Ён – ці ягоныя суразмоўцы - дасканальна вывучылі асабістыя справы запрошаных, а з гэтых асабістых справаў можна зрабіць выснову: журналісты НТВ перш за ўсё прафэсіяналы, людзі, атручаныя наркотыкам тэлеэфіру, а потым ужо барацьбіты за свабоду слова. Уласна, для таго, каб зрабіць такую выснову, не абавязкова быць прафэсіяналам у разьведцы – дастаткова проста глядзець тэлевізар.

Ці было гэтыя апошнія дзесяць гадоў НТВ недзяржаўным, незалежным тэлебачаньнем? У той самай ступені, у якой недзяржаўным ды незалежным быў ягоны ўладальнік Уладзімір Гусінскі. На НТВ ішлі перш за ўсё рабіць іншае тэлебачаньне – больш прафэсійнае, больш адпаведнае стандартам часу, больш жывое… Пытаньне свабоды слова тады не было вызначальным, бо ў 1991 годзе здавалася, што свободнымі й шчырымі будуць усе СМІ. А калі трэба было зрабіць выбар паміж свабодай слова і свабодай быць каналам, блізкім да ўлады, гаспадары НТВ выбралі другое – апраўдаўшы гэта прывідам камуіністычнае небясьпекі.

Але Барыс Ельцын другім разам перамог не дзякуючы ляяльнасьці НТВ ці кампаніі "Голосуй или проиграешь!", а дзякуючы ўмеламу выкарыстаньню ягоным штабам адміністрацыйнага рэсурсу. Гэтая перамога была выкарыстаная для канчатковага фармаваньня намэнклятурна-алігархічнага рэжыму, гарантам стабільнасьці якога пазьней стане Уладзімір Пуцін.

Усе мы добра памятаем, як НТВ стала арганічнай, хоць і яркай часткай дзяржаўнай прапагандысцкай машыны. Іншым яно пачало станавіцца толькі пасьля таго, як Уладзімір Гусінскі пасварыўся зь "сям’ёй", паставіўшы не на тых гульцоў. А па-сапраўднаму свабодным гэтае тэлебачаньне зрабіла каманда Уладзіміра Пуціна. У прэзыдэнцкім атачэньні проста не заўважылі, што ўжо падвялі колектыў НТВ да той рысы, калі прыняць умовы нават ганаровай капітуляцыі азначае згубіць твар.

Цяперашняя расейская ўлада – магчыма, у некаторых выпадках, на шчасьце – ня ўмее дзейнічаць далікатна. Калі карэспандэнт радыё "Свабода" Андрэй Бабіцкі зьнік у Чачні, мяне больш за ўсё ўразіла, што людзі, якія кіравалі агромністай дзяржавай, паводзілі сябе ў гэтай гісторыі як дробныя махляры – падтасоўвалі факты, не прызнавалі відавочнага, хацелі запалохаць і абмежаваць інфармацыю – а ў выніку ператварылі нашага калегу ў асобу міжнароднага маштабу, сымбаль імкненьня расейскага грамадзтва да праўды аб тым, што адбываецца на Каўказе.

Цяпер сумеснымі намаганьнямі палітыкаў і пракурораў у сымбаль свабоды слова ператвораная тэлекампанія НТВ. Навязаўшы гэтую ролю яе супрацоўнікам, Уладзімір Пуцін вырашыў пасьля гэтага зь імі дамовіцца. Але дамаўляюцца з людьзмі, а не з сымбалямі.






XS
SM
MD
LG