Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗІМОЎСКІ СПЭКУЛЮЕ НА ТЭМУ РАСЕЙСКАГА КАПІТАЛУ Ў БЕЛАРУСІ


Ігар Карней, Менск


Так, Аляксандар Зімоўскі ў праграме БТ “Рэзананс” заявіў, што расейскі капітал нібыта гатовы інвэставаць у беларускую эканоміку 200 мільёнаў даляраў.
Заява А.Зімоўскага пра гатовасьць расейскага капіталу прыйсьці на беларускі рынак з акцыямі ажно на 200 мільёнаў даляраў зьявілася на тле прыкметнага ахалоджаньня двухбаковых дачыненьняў.

Але гэтая лічба (200 мільёнаў даляраў), паводле некаторых аналітыкаў — беспадстаўная хаця б таму, што з прычыны адсутнасьці свабодных коштаў дагэтуль ня зробленая ацэнка маёмасьці беларускіх прадпрыемстваў.

Да таго ж, зыходзячы зь бюджэту, сума ад прыватызацыі й акцыяваньня закладзеная на ўзроўні толькі 9 мільёнаў даляраў. Пра 200 мільёнаў даляраў некалі казалі ў рэчышчы фармаваньня залатавалютнага запасу Нацыянальнага банку Беларусі, і ня выключана, што спадар Зімоўскі проста паблытаў пазыцыі.

Вядучы экспэрт аналітычнага цэнтру “Стратэгія” Яраслаў Раманчук дае сваё тлумачэньне прывідным праектам.

(Раманчук: ) "Не выключаю, што расейцы будуць укладаць у Беларусь грошы, але на сёньня яны незадаволеныя нашым заканадаўствам эканамічным. Гэта будзе адно на паперы, і адзіны праект, што будзе рэалізоўвацца — старая труба, што будуе Газпром. Той праект можа прадугледжваць інвэстыцыі.

Але ж гэтыя грошы будуць інвэставаць на такіх умовах, што прадпрыемствы праз год–два апынуцца ў руках расейцаў. Беларускі ўрад будзе атрымліваць пазыкі ад прыватных кампаніяў Расеі, а закладаць будуць нашыя найлепшыя прадпрыемствы. Без публічнай прыватызацыі".

(Карэспандэнт: ) "Тэарэтычна хто ўсё ж мог бы ўкладаць грошы? Гэта алігархі ці ўрад расейскі?"

(Раманчук: ) "Не, наўрад ці ўрад. Урад Расеі працуе па бюджэце, і там ёсьць сродкі й мэханізмы кантролю за гэтым. У расейскім бюджэце няма такіх грошай на Беларусь.

Таму будуць прыватныя кампаніі, такія як "Ітэра", "Лукойл" ды іншыя структуры расейскіх алігархаў. Яны маюць грошы ды трымаюць іх ня толькі ў Расеі, але больш за межамі Расеі. Для іх паглынуць беларускую прамысловасьць, прадпрыемствы, якія ня маюць яшчэ вартасьці, выяўленай неяк на Фондавым рынку, — не праблема".

Гэта было меркаваньне эканаміста Яраслава Раманчука. Акрамя таго, на думку спадара Раманчука, патэнцыйным расейскім інвэстарам зусім не абавязкова ўкладаць такія грошы, калі паглынаньне цалкам магчымае на больш прывабных для расейцаў умовах.

Нават пры дамоўленасьцях наконт акцыяваньня Беларусь на парытэтных асновах мусіць выконваць свой фінансавы абавязак. Калі гэтага ня будзе, уплыў беларускага боку на прыняцьце эканамічных захадаў будзе мінімальны, і прадпрыемства ўрэшце стане не беларуска-расейскім, а расейскім.

Да таго ж, напярэдадні выбараў, калі ад своечасовай выплаты заробкаў ды пэнсіяў будзе залежаць найперш палітычны рэйтынг Лукашэнкі, ва ўладаў будзе вялікая спакуса ахвяраваць статусам самых прывабных беларускіх прадпрыемстваў дзеля імгненнага палітычнага выніку.





Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG