Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Я МАГУ ЖЫЦЬ ЛЕПЕЙ"


Альгерд Невяроўскі, Менск



Ініцыятарам гэтага сэмінару стаў Вячаслаў Станкевіч. Часта бываючы ў Беларусі, спадар Станкевіч ня раз чуў ад людзей, што сытуацыю ў краіне зьмяніць немагчыма. Маўляў, мы такія бедныя, няшчасныя, ад нас нічога не залежыць, Беларусь столькі гадоў прыгняталі, усё вырашае Лукашэнка, Масква й гэтак далей.

Вячаслаў Станкевіч вырашыў дапамагчы суайчыньнікам пазбавіцца гэтай безнадзеі ды знайсьці сілаў зьмяніць сваё жыцьцё да лепшага.

(Станкевіч: ) "Калі ж мы навучымся, што ўсё залежыць ад нас? І якраз гэтая думка дае адчуваньне незалежнасьці, асабістай незалежнасьці. Адчуваньне таго, што я шмат чаго магу зрабіць сам для сябе. А калі ўмею зрабіць для сябе, я тады магу ўплываць на сваё найбліжэйшае атачэньне. А пазьней і на большыя колы", — кажа завадатар праекту "Я магу жыць лепей" спадар Станкевіч.

Ён сам падрыхтаваў адмысловы падручнік для сэмінараў, знайшоў фундатараў ды дамовіўся з кіраўніцтвам Таварыства беларускай мовы пра супольную арганізацыю навучаньня. Паводле задумы Вячаслава Станкевіча, цягам году сэмінарскія заняткі павінны наведаць ня менш за 1 000 чалавек.

Слухачам прапануецца курс псыхалягічных практыкаваньняў, з дапамогай якіх многія людзі могуць дамагчыся зьменаў у сваім прафэсійным, сямейным і грамадзкім жыцьці, набыць новую прафэсію, адукацыю й гэтак далей.

Вячаслаў Станкевіч лічыць, што праект можна лічыць пасьпяховым, калі нават 100 слухачоў змогуць палепшыць уласнае жыцьцё. Ад леташняга кастрычніка спэцыяльныя інструктары ўжо правялі 11 сэмінарскіх заняткаў у Менску, Лідзе, Асіповічах і Магілёве — іх наведалі больш за 100 чалавек. Паводле словаў некаторых людзей, гэтыя сэмінары ўжо моцна дапамаглі ім.

Вось меркаваньне ўдзельніцы сэмінару Сьвятланы Багданкевіч:

(Багданкевіч: ) "Гэта пашырае нашу сьвядомасьць. Зьяўляецца больш сьвядомае стаўленьне да свайго жыцьця, нейкая ўпэўненасьць, што мы зможам яго палепшыць, што мы можам уплываць на абставіны. Людзі зьвяртаюцца да гэтай сыстэмы й напраўду бачаць станоўчыя вынікі".

Завадатар праекту Вячаслаў Станкевіч лічыць, што, калі ўдзельнікі сэмінару будуць увесь час працаваць над сабой, то праз пэўны час дасягнуць яшчэ большага посьпеху. Надалей спадар Станкевіч плянуе запісаць увесь сэмінарскі курс "Я магу жыць лепей" на відэакасэты й распаўсюдзіць іх па ўсёй Беларусі, каб як мага больш людзей паспрабавалі палепшыць уласнае жыцьцё.




XS
SM
MD
LG