Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАВІНЫ КУЛЬТУРЫ


Юрась Барысевіч, Менск


Калегія Нацыянальнае дзяржаўнае тэлерадыёкампаніі пастанавіла скасаваць творчае аб’яднаньне “Тэлефільм”. На працягу 30 гадоў свайго йснаваньня "тэлефільмаўцы" стварылі каля тысячы дакумэнтальных стужак, якія распавядаюць пра гістарычныя мясьціны, славутых дзеячоў культуры й простых людзей Беларусі. Ініцыятыва скасаваньня творчага аб’яднаньня й некаторых іншых структураў дзяржаўнае тэлевізіі сыходзіла з адміністрацыі Лукашэнкі.

У Палацы мастацтваў адкрылася выстава Пётры Сергіевіча, прысьвечаная 100-годзьдзю з дня нараджэньня клясыка беларускага нацыянальнага жывапісу. Сярод 55 экспанатаў — партрэты Купалы, Скарыны, Багушэвіча, эскізы фрэсак для касьцёлу ў Смургонях. Суполка “Пагоня”, якая наладзіла выставу, спачатку дамовілася разгарнуць яе ў Нацыянальным мастацкім музэі, але ягоны дырэктар Уладзімер Пракапцоў урэшце ня даў на гэта дазволу й нават не дазволіў узяць для выставы творы Сергіевіча з фондаў музэю. Міністэрства культуры адмовілася даць грошы на арэнду выстаўнае залі ў Палацы мастацтваў. Мастакі з “Пагоні” самі абнавілі рамы й падрамнікі некаторых твораў Сергіевіча. Многія палотны патрабуюць тэрміновае рэстаўрацыі.

У 2000 годзе толькі адзін беларус з трох хоць аднойчы наведаў музэй. Агульная колькасьць экспанатаў дзяржаўных музэяў дасягнула двух з паловаю мільёнаў, але бальшыня зь іх ужо мала каму цікавая. Тым ня менш Міністэрства культуры па-ранейшаму прапагандуе спадчыну савецкай эпохі. Летась адкрыліся толькі тры новыя экспазыцыі: мэмарыяльная кватэра Петруся Броўкі, адноўлены пасьля пажару музэй Ільлі Рэпіна і дзявятая заля Музэю абароны Берасьцейскае фартэцыі. У 2000 годзе дзяржаўныя музэі закупілі толькі 124 карціны.

Беларускі Фонд культуры зьвярнуўся ва ўрад з ініцыятываю распрацоўкі Дзяржаўнае праграмы аховы культурных краявідаў. За часам Лукашэнкі ў Заходняй Беларусі былі канчаткова зруйнаваныя рэшткі чатырох соцень шляхецкіх сядзібаў і паркаў вакол іх. Адносна добра захаваліся 80 сядзібаў і 63 старыя паркі. Ва Ўсходняй Беларусі амаль усе старасьвецкія краявіды былі зруйнаваныя яшчэ да вайны.

Тэатар “Зьніч” наладзіў у Чырвоным касьцёле канцэрт-прэзэнтацыю зборніка філязофскае лірыкі Людмілы Рублеўскай “Балаган”, а таксама хуліганскіх вершаў ейнага мужа Віктара Шніпа “Чырвоны ліхтар”. Абедзьве кнігі выйшлі ў выдавецтве Таварыства Вольных Літаратараў на сродкі аўтараў. Паэтычным чытаньням папярэднічала адкрыцьцё выставы трох пісьменьніцаў “Другая муза”. Выставу складаюць канцэптуальныя акварэлі Людкі Сільновай, лірычныя фотаздымкі Марыі Вайцяшонак і рамантычна-наіўны жывапіс Людмілы Рублеўскай.

У менскім кінатэатры “Ракета” прайшоў Першы беларускі фэстываль авангарднае музыкі й пэрформансу пад канцэптуальнай назваю “Не!”. Акцыю, скіраваную супраць паноўнага ў Беларусі стану рэчаў, наладзіла новая суполка авангардыстаў Другі Фронт Мастацтваў. У фэстывалі ўзялі ўдзел 12 музычных гуртоў, маладыя літаратары й мастакі. “Цьвіком” імпрэзы стаўся пэрформанс паэта Зьмітра Вішнёва пад назваю “Труп дыктатара”. Цела Лукашэнкі гэтым разам увасабляў апрануты ў камбінэзон стос цаглінаў, якія Вішнёў раструшчыў кувадлай і абліў чырвонымі ванітамі (перад сваім выступам паэт наўмысна выпіў тры літры таматнага соку).




Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG