Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІЯ ЎЛАДЫ ЎЖО ЗА СЕЛІВАНАВА


Юры Сьвірко, Менск


Беларускі віцэ-прэм’ер Леанід Козік, даведаўшыся пра рашэньне кіраўніка расейскага ўраду Міхаіла Касьянава прызначыць часовым выканаўцам абавязкаў дзяржаўнага сакратара “саюзнае дзяржавы” Ігара Селіванава, адразу заявіў агенцтву “Інтэрфакс-Запад”, што бачыць з боку прэм’ера Касьянава “перавышэньне паўнамоцтваў”.

А сёньня, празь дзень, спадар Козік сказаў таму ж “Інтэрфаксу”, што “прызначэньне в.а. дзяржсакратара — цалкам слушны крок Касьянава, бо йдзе падрыхтоўка да паседжаньня Савету міністраў”.

Леанід Козік дадаў, што ведае спадара Касьянава як чалавека, які вельмі шмат робіць для саюзнай дзяржавы, для арганізацыі працы Саўміну.

Паводле словаў беларускага віцэ-прэм’ера, паміж Масквою ды Менскам не існуе аніякае шчыліны ды ніякіх разыходжаньняў у пытаньнях функцыянаваньня “саюзнае дзяржавы”. Леанід Козік сказаў “Інтэрфаксу”: “Ніхто ня думаў, што сродкі масавае інфармацыі нададуць нашым учорашнім размовам такое значэньне. Напэўна, не было іншых навінаў на той момант”, — зазначыў спадар Козік.

Віцэ-прэм’ер таксама дадаў, што “СМІ ды некаторыя расейскія чыноўнікі перакруцілі пытаньне на арганізацыйны бок”.

Беларускае тэлебачаньне тым часам у кожным выпуску навінаў паведамляе: “Пытаньні працэдурнага характару, зьвязаныя з прызначэньнем Ігара Селіванава на пасаду дзяржсакратара саюзнай дзяржавы Расеі й Беларусі, безумоўна, аніяк не паўплываюць на дачыненьні народаў і стварэньне саюзнай дзяржавы”.

З гэтае ананімнае заявы можна зразумець, што афіцыйны Менск пагаджаецца ўжо на сталае прызначэньне спадара Селіванава замест Паўла Барадзіна, які сядзіць у бруклінскай вязьніцы.

Дарэчы, арыштант папрасіў перадаць адтуль сардэчную ўдзячнасьць Аляксандру Лукашэнку за ягоныя заявы, зробленыя адразу пасьля затрыманьня, ды за шчырую падтрымку.

Пра ўдзячнасьць спадару Лукашэнку з боку прэзыдэнта або прэм’ер-міністра Расеі нічога не паведамляецца.



XS
SM
MD
LG