Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЗВАРОТ ДА ПАТЭНЦЫЙНЫХ КАНДЫДАТАЎ


Ягор Маёрчык, Менск



Сярод ініцыятараў звароту — дэпутаты Вярхоўнага савету 13-га скліканьня, кіраўнікі дэмакратычных грамадзкіх арганізацыяў і проста аўтарытэтныя і знаныя ў краіне асобы: Станіслаў Багданкевіч, Павал Казлоўскі, Станіслаў Шушкевіч, Міхаіл Чыгір, Васіль Шлындзікаў ды іншыя, усяго 25 прозьвішчаў.

Галоўнай мэтай кааліцыі павінна стаць перамога на прэзыдэнцкіх выбарах адзінага кандыдата. “У ХХІ-е стагодзьдзе Беларусь мусіць увайсьці з новым прэзыдэнтам — адукаваным, прыстойным, які б увасабляў лепшыя рысы беларускага народу, які здольны зрабіць жыцьцё грамадзянаў Беларусі прыстойным”.

Дзеля гэтага і ствараецца шырокая грамадзкая каліцыя. А першаснай задачай будучых кандыдатаў на прэзыдэнта, мяркуюць аўтары звароту, мусіць быць узгадненьне працэдуры вылучэньня адзінага кандыдата.

Ініцыятары ставарэньня кааліцыі кіруюцца тым, што “будучыя выбары ператворацца ў супрацьстаяньне паміж курсам Лукашэнкі й новым курсам, падтрыманым усімі, хто жадае пераменаў”.

Цяперашнія ўлады, гаворыцца ў звароце, ня ў стане вывесьці грамадзтва з глыбокага крызысу. Падпісанты бачаць выйсьце з галечы, у якой апынулася значная частка насельніцтва краіны, у канстытуцыйнай зьмене палітычнай улады.

Экс-прэм’ер Беларусі Міхаіл Чыгір, які таксама падпісаў зварот, мяркуе, што, ствараючы грамадзкую кааліцыю “У ХХІ-е стагодзьдзе з новым прэзыдэнтам”, можна ня толькі вылучыць адзінага кандыдата, але й аб’яднаць насельніцтва, якое не задаволенае цяперашняй уладай.

(Чыгір: ) "Я зварот падтрымаў з наступных прычынаў. Сёньня апазыцыйныя сілы валодаюць 10–15% электарату, ня болей. Таму было б лепей, было б болей упэўненасьці, каб гэты рух быў шырэйшы, каб да яго далучыліся прафсаюзы, каб яго падтрымалі больш шырокія слаі насельніцтва.

Вядома, было б добра мець адзінага кандыдата. Я таксама далучыўся да гэтага руху, і лічу, што наша перамога магчымая толькі тады, калі да ідэі зьмены прэзыдэнта прыйдзе асноўная маса нашага насельніцтва".

Зьвяртае ўвагу тое, што сярод падпісантаў няма прадстаўнікоў прафсаюзаў і палітычных партыяў, якія ўваходзяць у Каардынацыйную раду дэмакратычных сілаў. Сытуацыю тлумачыць сакратарка выканкаму Фэдэрацыі прафсаюзаў Валянціна Палевікова:

(Палевікова: ) "Гэты зварот будзе падтрыманы — як лідэрам Фэдэрацыі прафсаюзаў, гэтак і лідэрамі галіновых прафсаюзаў. Але сёньня мы не гатовыя гэтага зрабіць, бо ёсьць невялікія стылістычныя заўвагі".

В.Палевікова адначасна зьяўляецца кіраўніцай Жаночай партыі “Надзея” і цяпер старшынюе на паседжаньнях Каардынацыйнай рады дэмакратычных сілаў. Яна ня выключае, што неўзабаве й лідэры апазыцыйных палітычных партыяў падпішуць зварот з прапановай стварыць шырокую грамадзкую кааліцыю “У ХХІ-е стагодзьдзе з новым прэзыдэнтам”.




XS
SM
MD
LG